Кубак Віцебска па мотакросе заваявала каманда Пскоўскай вобласці
15 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каманда Пскоўскай вобласці стала пераможцам у агульнакамандным заліку на мотакросе памяці Міная Шмырэва, які завяршыўся сёння ў Віцебску. Пскоўскія гоншчыкі ўвезлі галоўны прыз спаборніцтваў - кубак Віцебска, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ Васіль Карабаў.
Каманда гаспадароў трасы стала ўладальнікам бронзавых узнагарод, прапусціўшы наперад акрамя пскавічоў зборную Гродзенскай вобласці. У асабістым заліку сярод віцебскіх гоншчыкаў найбольш удала выступіў Арцём Пашаеў з Оршы, які перамог у класе матацыклаў з аб'ёмам рухавіка 50 куб.см. Яго родны дзядзька Аляксандр Сазановец стаў другім у класе 500 куб.см, саступіўшы перамогу Арцёму Кунцэвічу з Брэсцкай вобласці. Прадстаўнікі Гродзенскай вобласці Віталь Махноў і Яўген Шабірзялаў сталі самымі хуткімі адпаведна ў класах 65 куб.см і 85 куб.см. Гоншчыкі Мінскай вобласці таксама ўвезлі два галоўныя прызы ў асабістым заліку: Віталь Карасцік у класе "Хобі", а Сяргей і Ігар Асіповічы ў гонках на матацыклах з каляскамі (да 1 тыс.куб.см). У гонцы на квадрацыклах (да 700 куб.см), якія ўпершыню ўключаны ў праграму мотакросу, перамогу святкаваў Аляксей Дзякаў з Мінска.
Традыцыйны мотакрос памяці Міная Шмырэва ў Віцебску, які арганізатары вырашылі пасля дзесяцігадовага перапынку адрадзіць да 65-годдзя Перамогі, прыцягнуў больш за 80 гоншчыкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расіі. Пры гэтым на прыгарадную трасу выходзілі спартсмены ад 7 да 55 гадоў. У кожным класе матацыклаў праведзены па два заезды. Па выніках спаборніцтваў пераможцы і прызёры ўзнагароджаны кубкамі і медалямі, спецыяльна вырабленымі для адроджаных гонак.
Гісторыя правядзення мотакросаў у абласным цэнтры вядзе адлік з 1975 года, калі да 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне было вырашана арганізаваць спаборніцтвы ў памяць аб знакамітым партызанскім камбрыгу. З часам турнір заваяваў прызнанне гоншчыкаў з усяго Савецкага Саюза і палюбіўся віцяблянам. Пасля распаду СССР арганізатары сутыкнуліся з шэрагам цяжкасцей, аднак за кошт энтузіястаў гэтага віду спорту мотакросы праводзіліся аж да 1999 года.
Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі Віцебская абласная арганізацыйная структура ДТСААФ і Віцебскі гарвыканкам.-0-