Кулінарныя баі разгорнуцца ў Віцебску 31 сакавіка

24 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшага кулінара Віцебскай вобласці выберуць 31 сакавіка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела грамадскага харчавання ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама Алена Журомская. Конкурс кулінарнага мастацтва і сэрвісу адбудзецца ў Віцебску на базе рэстарана "Энергія". Аб сваім удзеле ў ім заявілі 40 чалавек з Віцебска, Оршы, Полацка, Наваполацка і Навалукомля. Пераможцы будуць вызначацца ў камандным і індывідуальным першынстве. Склад каманд сфарміраваны з пяці чалавек: кіраўніка, кухара, кандытара, афіцыянта і бармена, узрост якіх не перавышае 31 года. Ім трэба будзе прыгатаваць абед на шэсць персон, які ўключае халодную закуску, суп, асноўную гарачую страву і дэсерт. Індывідуальнае першынство праводзіцца ў катэгорыях "Кухарскае мастацтва", "Кандытарскае мастацтва", "Сэрвіс-клас" (класы "Бармен" і "Афіцыянт"). Тут узрост прэтэндэнтаў на перамогу не абмяжоўваецца. Усім удзельнікам трэба будзе ўразіць членаў журы і гледачоў арыгінальным знешнім выглядам сваіх кулінарных твораў, іх непаўторнымі смакавымі якасцямі, а таксама прадэманстраваць прафесіяналізм у працы. Мерапрыемства праводзіцца з мэтай павышэння ўзроўню рэстараннага сэрвісу, папулярызацыі беларускай нацыянальнай кухні і кухняў народаў свету, павышэння прафесійнага майстэрства работнікаў грамадскага харчавання, а таксама прапаганды новых напрамкаў у развіцці кулінарнага мастацтва і сэрвісу. Арганізатарамі конкурсу выступаюць упраўленне гандлю і паслуг і аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны прафсаюз работнікаў гандлю.-0-