Культурысты розных краін прыедуць на турнір «Славянскі кубак» у Віцебск
Пад эгідай Сусветнай федэрацыі мадэльнага фітнесу і культурызму ў Віцебску пройдзе ІІІ Міжнародны турнір «Славянскі кубак» з удзелам наймацнейшых атлетаў з Расіі, Літвы, Латвіі, Славакіі, Польшчы, Ірана, Пакістана і Украіны.
У савецкі час нават сам тэрмін «культурызм» быў фактычна пад забаронай, і яго прыхільнікі хаваліся за нейтральным вызначэннем «атлетычная гімнастыка». А між тым, што дрэннага ў эстэтызацыі прыгажосці цела, якая бярэ пачатак яшчэ з алімпіяд старажытнасці? Да таго ж гэта выдатная прапаганда здаровага ладу жыцця. Від спорту спецыфічны, бо за 5 хвілін трэба паказаць тое, чым год займаўся ў трэнажорнай зале.
Як паведаміў нам намеснік старшыні Беларускай федэрацыі мадэльнага фітнесу і культурызму віцяблянін Анатоль Пугач, нароўні з мужчынамі чакаюцца выступленні і прадстаўніц слабага полу, у тым ліку з сонечнай Аргенціны. Натуральна, мы будзем хварэць за нашых, якія на першых двух турнірах выступілі вельмі годна. Запланаваны прыезд і кіраўніцтва Сусветнай федэрацыі на чале з яе старшынёй Эдмундасам Даўбарасам. Асаблівая падзяка ад арганізатараў – спонсарам з віцебскага электратэхнічнага прадпрыемства «Святло». Вялікую дапамогу традыцыйна аказвае дырэктар «Электа» Сяргей Пілатаў (дарэчы, лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны»), вядомы як вялікі прыхільнік культурызму.
Спаборніцтвы пройдуць 26 кастрычніка ў Культурна-спартыўным цэнтры Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі (былы Дом культуры чыгуначнікаў). Такіх падзей прапускаць не варта!
Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці"