Культурная сталіца Беларусі 2010 года прадставіць творчую справаздачу афіцыйнай сталіцы
13 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Культурная сталіца Беларусі 2010 года Полацк пазнаёміць афіцыйную сталіцу Мінск са сваімі творчымі дасягненнямі. Яркае культурнае жыццё і багатая гістарычная спадчына старажытнага беларускага горада будуць прадстаўлены цыклам мерапрыемстваў 18-19 студзеня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Інна Шаховіч.
Адкрыюць святочныя мерапрыемствы ў сталіцы акцёры заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь полацкага тэатра "Пілігрым" гарадскога палаца культуры. На сцэне Новага драматычнага тэатра яны пакажуць спектакль "Дзядзюшкін сон" па матывах твораў Фёдара Дастаеўскага.
З 19 студзеня ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці пачне працу двухтыднёвая выстава "Полацкі сонцеварот", на якой будуць прадстаўлены творы дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, выкананыя знакамітымі полацкімі народнымі майстрамі і іх вучнямі - выхаванцамі дзіцячай мастацкай школы. Упершыню за межамі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка будуць паказаны залатыя скарбы старажытнай Полацкай зямлі. Яны будуць дэманстравацца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.
З сучасным Полацкам можна будзе пазнаёміцца на фотавыставе Эрнста Цецяроўскага "Полацк у тварах" у фае Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. У гэтым жа тэатры вечарам 19 студзеня пройдзе святочны гала-канцэрт "Горад над Дзвіной - родны Полацк мой...". У мерапрыемствах прэзентацыі культурнай сталіцы 2010 прыме ўдзел больш за 300 палачан.
На пачатку 2010 года Міністэрства культуры дало старт акцыі "Культурная сталіца Беларусі", прызванай развіваць і ўзбагачаць культурнае жыццё рэгіёнаў, актывізаваць мясцовыя грамадскія ініцыятывы па падтрымцы нацыянальнай культуры, прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці, турыстаў. Дзякуючы акцыі палачане і госці старажытнага горада пазнаёміліся з культурнымі дасягненнямі Беларусі, убачылі лепшыя творчыя калектывы краіны. Звыш 50 мерапрыемстваў прайшло ў Полацку ў рамках першай грамадска-культурнай рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца 2010". У Полацк прыязджалі са сваімі канцэртамі Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", ансамбль "Класік-Авангард", "Песняры". У гарадской мастацкай галерэі праходзілі выставы літаграфій Напалеона Орды з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, карцін Івана Хруцкага (да 200-годдзя з дня нараджэння мастака), вернісажы беларускіх і замежных сучасных мастакоў.
Еўропа выбірае сваю культурную сталіцу з 1985 года. Першым гэты статус дастаўся грэчаскім Афінам. З канца 90-х гадоў XX стагоддзя статус культурнай сталіцы атрымліваюць гарады Амерыкі і Блізкага Усходу. У 2010 годзе статус еўрапейскіх культурных сталіц атрымалі Печ (Венгрыя), Эсэн (Германія), Стамбул (Турцыя). У 2011 годзе гэты ганаровы тытул перайшоў да эстонскай сталіцы Таліна і фінскага горада Турку.-0-