Полацк, культурная сталіца Беларусі 2010 года, адкрывае чараду святаў у гонар 1148-годдзя горада

17 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Культурная сталіца Беларусі 2010 года Полацк 18 мая адкрывае двухтыднёвую чараду святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 1148-годдзя горада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Полацкага гарвыканкама. Пачынаючы святы ў Міжнародны дзень музеяў, старажытны горад прысвячае першы дзень сваёй скарбніцы - Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. Усе 11 яго музеяў на працягу тыдня пакажуць спецыяльна падрыхтаваныя да даты экспазіцыі і будуць працаваць па асаблівым графіку. У праграме дзён "Полацк музейны" адкрыццё выстаўкі газет ваенных гадоў і партызанскіх улётак, кінасеанс пад адкрытым небам, камп'ютарны турнір "Аперацыя Баграціён", інтэрактыўная выстаўка пад адкрытым небам "Ваенная тэхніка і зброя". "Полацк музейны" перадасць эстафету "Полацку піянерскаму", якая будзе прысвечана дню нараджэння піянерскай арганізацыі. Затым прыйдзе "Полацк тэатральны" са спектаклем "Дзядзькаў сон" у пастаноўцы заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра "Пилигрим". Галоўнай падзеяй пятніцы 21 мая, якая пройдзе пад знакам гісторыі Полацка, стане адкрыццё адноўленага помніка героям Айчыннай вайны 1812 года. Арганізатары ўрачыстасцей абяцаюць паказаць рэканструкцыю падзей вайны, парад воінскіх часцей Полацкага гарнізона, плац-парад роты ганаровай варты Міністэрства абароны Беларусі і выступленне ваеннага аркестра. Варта адзначыць, што ў гэтыя дні гэта не адзіны помнік, які адкрыюць у Полацку. 28 мая урачыста будзе знята покрыва з яшчэ аднаго бюста знакамітаму палачаніну - заснавальніку беларускага кіно Юрыю Тарычу. У старажытнага Полацка маладое аблічча і спартыўны характар, таму ў шматдзённай чарадзе святаў не забыты юныя жыхары горада і яго спартсмены. Па добрай традыцыі ў дзень моладзі 28 мая пройдзе шэсце выпускнікоў школ горада. Шэдэўры опернага мастацтва ў чарговы раз прагучаць уначы ля сцен старажытнай Сафіі. Канцэрт майстроў вакальнага мастацтва адбудзецца 28 мая. Апафеоз урачыстасцей - субота 29 мая. Полацк расчыніць свае абдымкі гараджанам і гасцям. Іх чакаюць і святочнае шэсце працоўных калектываў, і канцэрты самадзейных артыстаў і прафесіяналаў - дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, і конкурс выканаўцаў эстраднай песні, выстаўкі і кірмашы. Завершыцца гэты дзень феерверкам.-0-