Культурная сталіца Беларусі-2010 Полацк адкрывае бюст заснавальніка беларускага кіно Юрыя Тарыча
28 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Культурная сталіца Беларусі-2010 Полацк працягвае чараду святочных мерапрыемстваў у гонар 1148-годдзя. Сённяшні дзень праходзіць пад знакам ураджэнца Полацка, заснавальніка беларускага кінематографа Юрыя Тарыча, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме.
Юрый Тарыч (Аляксееў) прыйшоў у кінематограф у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1926 годзе паставіў першы беларускі ігравы фільм "Лясная быль", у гады Вялікай Айчыннай вайны здымаў баявыя кінахронікі. Полацк працягвае добрую традыцыю ўшанавання памяці сваіх знакамітых сыноў і сёння ля кінавідэацэнтра "Радзіма" урачыста адкрыюць бюст кінарэжысёра.
Яшчэ адной яркай падзеяй у сённяшнім святочным марафоне стануць штогадовы парад выпускнікоў сярэдніх і базавых школ і апошні званок. А ўвечары Сафійскі сабор запрасіць знатакоў класічнай музыкі на чарговую сустрэчу з выдатным: "Віват, Штраус!" - скажа сімфанічны аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Апафеозам двухтыднёвых урачыстасцей стануць маючыя адбыцца выхадныя. Шэсце прадстаўнікоў працоўных калектываў па ўсталяванай традыцыі адкрые урачыстую цырымонію "Полацку - 1148!", а затым цэнтральная плошча горада ператворыцца ў велізарную канцэртную пляцоўку. На ёй пройдзе і дзіцячае свята "З днём нараджэння, Полацк!", і парад аркестраў воінскіх часцей памежнай службы Рэспублікі Беларусь, і канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага ансамбля танца, і гала-канцэрт пераможцаў гарадскога конкурсу песні з удзелам ансамбля "Беларускія Песняры". Недалёка ад імправізаванай сцэны сваё майстэрства пакажуць народныя ўмельцы. Майстар-клас дадуць кавалі, ганчары і разьбяры па дрэве з горада Лудзы (Латвія). Завершыцца суботні дзень прыгожым феерверкам і танцавальным шоў. У нядзелю горад разгорне гандлёвыя кірмашы і вясёлыя атракцыёны для сваіх юных жыхароў. -0-