Культурна-аздараўленчы цэнтр будуецца ў Ліёзне
Аб'ект «Рэканструкцыя будынка сярэдняй школы пад культурна-аздараўленчы цэнтр г. п. Лёзна» складаецца з двух пускавых комплексаў. За першы будаўнікі ўзяліся ў 2013 годзе. Будынак, узведзены ў канцы 1950-х, дзе па чарзе размяшчаліся школа, ДЮСШ, вучэбна-вытворчы камбінат, цэнтральная раённая бібліятэчная сістэма, давялося разабраць да падмурка, таму што міжпавярховыя перакрыцці, бэлькі былі драўлянымі.
- Фінансаванне рытмічнае. У 2013 годзе тут было асвоена 1,1 млрд рублёў, у 2014-м – 5,4 млрд, у мінулым – 8 млрд, – кажа намеснік старшыні Лёзненскага райвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ Ігар Зайцаў. У новых сценах ужо запушчана сістэма ацяплення. Цяпер 18 аддзелачнікаў, электрыкаў, мантажнікаў, частка з якіх – мясцовыя жыхары, заняты добраўпарадкаваннем памяшканняў, электрамантажнымі працамі, устаноўкай сістэм вентыляцыі і пажарнай бяспекі.
Як распавёў начальнік участка будаўніча-мантажных работ дзяржаўнага прадпрыемства «Віцебскаблсельбуд» Віктар Аленскі, за зіму ўсё гэта павінна быць зроблена. Знешнія работы выкананы адсоткаў на 90. Вясной застанецца падфарбаваць фасад, завяршыць дахавыя работы, добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол будынка. Сюды пераедуць раённыя бібліятэкі для дарослых і юных чытачоў, Дом рамёстваў з выставачнай залай, будуць працаваць разнастайныя гурткі. Пакуль няма другой чаргі культурна-аздараўленчага цэнтра – будынак яшчэ трэба будаваць, частку плошчаў, парадку 200 кв. м, вырашана прадаставіць спартыўным секцыям. У другой чарзе праектам прадугледжаны спартыўная зала і басейн. У Лёзне вельмі чакаюць завяршэння будаўніцтва гэтага аб'екта, паколькі бібліятэчны фонд размеркаваны па чатырох адрасах, у Доме рамёстваў цеснавата, ды і аматары спорту мараць аб годных умовах для заняткаў. У дадатак да ўсяго стыльны будынак стане ўпрыгожаннем гарпасёлка. Калі дазволіць фінансаванне, першая чарга культурна-аздараўленчага цэнтра будзе здадзена ў эксплуатацыю да 3 ліпеня бягучага года.
Галіна Шпакоўская, "Віцебскія весці"