Культурная спадчына не пацярпіць пры стварэнні інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка
2 мая, Полацк /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Архітэктурныя і гістарычныя каштоўнасці не пацярпяць пры рэалізацыі канцэпцыі стварэння інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка. Упэўненасць у гэтым сёння на рабочай нарадзе выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ходзе абмеркавання канцэпцыі было выказана меркаванне, што запланаванае аднаўленне прудоў, якія некалі існавалі каля Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, і звязанае з гэтым падняцце ўзроўню вады ў рацэ Полата на 70 см можа павысіць вільготнасць у раёне, што адаб'ецца на стане фрэсак XII стагоддзя ў Спаса-Праабражэнскай царкве. На думку гідролагаў, гэты пункт гледжання не мае падстаў, і нязначнае падняцце ўзроўню вады ў рацэ, размешчанай прыкладна за 500 м ад манастыра, ніякім чынам не павысіць вільготнасць і не зменіць мікраклімат тэрыторыі. Губернатар даручыў абласному цэнтру па гідраметэаралогіі правесці ўсе неабходныя разлікі і азнаёміць з імі шырокую грамадскасць.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, Аляксандр Косінец паведаміў, што абмеркаванне канцэпцыі развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка праводзілася ва ўсіх працоўных калектывах горада, на пасяджэннях гарвыканкама і гарсавета, на пасяджэнні аблвыканкама. "Заўвагі па праекце былі, пярэчанняў не было", - падкрэсліў губернатар. Заўвагі ўлічаны ў канчатковай рэдакцыі праекта канцэпцыі. Акрамя таго, ён быў разгледжаны спецыялістамі Нацыянальнай акадэміі навук. Публікацыі ў СМІ таксама дазволілі ўсім зацікаўленым грамадзянам азнаёміцца з канцэпцыяй.
Дырэктар інстытута "Віцебскграмадзянпраект" - распрацоўшчыка архітэктурнага праекта - Наталля Косабука дадала, што перш чым праект будзе прадстаўлены на дзяржаўную экспертызу, у адпаведнасці з заканадаўствам заказчык работ, а менавіта камунальнае прадпрыемства "ЖКГ Полацка", вынясе яго на грамадскае абмеркаванне. Мяркуецца, што першым ацэнку грамадзян атрымае праект добраўпарадкавання набярэжнай ракі Полата.
Як адзначыў Аляксандр Косінец, рэалізацыя канцэпцыі накіравана на прыцягненне ў Полацк турыстаў і стварэнне спрыяльных умоў жыцця для гараджан. На яе ўвасабленне спатрэбіцца Br2 трлн. Да гэтага працэсу ўлады маюць намер шырока прыцягнуць інвестараў. Работы плануецца завяршыць у 2015 годзе. "Полацк - цэнтр Еўропы, ён павінен адпавядаць узроўню сучаснага еўрапейскага горада", - падкрэсліў губернатар.
Канцэпцыя развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка на аснове ўстояных традыцый і ў адпаведнасці з функцыянальным гістарычным прызначэннем прадугледжвае развіццё трох асноўных напрамкаў турызму: Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр з прылеглай тэрыторыяй - для паломніцкага турызму; парк культуры і адпачынку на левым беразе ракі Заходняя Дзвіна - для забаўляльнага турызму; раён Верхняга замка і Сафійскі сабор - для гістарычнага турызму.
У прыватнасці, у раёне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра прадугледжваецца добраўпарадкаваць пустыя тэрыторыі, якія прылягаюць да манастыра, аб'ектамі турыстычнай інфраструктуры. На тэрыторыі 30,2 га плануецца будаўніцтва і рэканструкцыя гасцінічнага комплексу, гандлёвых радоў з сувенірнай прадукцыяй, рамесных майстэрняў, гандлёва-выставачны комплекс, духоўна-асветніцкі цэнтр, турыстычнае агенцтва.
Сафійскі сабор знаходзіцца на тэрыторыі Верхняга Замка. Гэта археалагічны, адміністрацыйна-духоўны і свецкі цэнтр горада агульнай плошчай каля 9 га. Ансамблевая забудова тэрыторыі Верхняга замка прадугледжвае комплексны падыход - рэстаўрацыю існуючых і аднаўленне страчаных будынкаў, уключаючы археалагічныя даследаванні. Тут прадугледжана размяшчэнне аб'ектаў грамадскага харчавання, гандлю, бытавога абслугоўвання, месцы пражывання для турыстаў, музеефікацыя помнікаў археалогіі. Канцэпцыяй прадугледжана стварэнне сістэмы прудоў, якія існавалі пры манастыры, а таксама расчыстка рэчышча ракі Полата, што дазволіць арганізаваць водныя турыстычныя маршруты, якія будуць звязваць два ўнікальных гістарычных аб'екта: Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр і Сафійскі сабор.
Канцэпцыя развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка адобрана Прэзідэнтам Беларусі.-0-