Купанне забаронена ў сямі вадаёмах Віцебскай вобласці
15 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці купанне забаронена ў сямі вадаёмах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
У цяперашні час забарона на купанне ў сувязі з неадпаведнасцю вады гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках дзейнічае для вадаёмаў Полацка і Полацкага раёна: азёр Гомель, Янова, Суя, Шчаты, Скобрае (у межах зоны купання дзіцячага аздараўленчага лагера "Чайка"), Школьнае і Лясное (размешчаны побач з агульнаадукацыйнымі школамі). Акрамя таго, санітарным урачом Оршы і Аршанскага раёна вынесена прадпісанне аб абмежаванні купання дзяцей у кар'еры Шчацінка і Дняпры ў межах Оршы, дзе вада таксама не адпавядае ўстаноўленым нарматывам.
У выпадку паляпшэння сітуацыі на гэтых вадаёмах уведзеныя забароны і абмежаванні на купанне будуць зняты, а насельніцтва праінфармавана праз мясцовыя СМІ.
Усяго ў гэтым годзе ў вобласці ўстаноўлена 153 месцы масавага адпачынку насельніцтва, размешчаных паблізу вадаёмаў. Выбарачны лабараторны кантроль якасці вады ў іх з пачатку чэрвеня ажыццяўляецца штотыдзень.
З пачатку купальнага сезона па выніках праведзеных абследаванняў выдадзена 133 прадпісанні, з іх 116 выканана (87,2%), за дапушчаныя парушэнні аштрафавана 18 службовых асоб на суму Br2,8 млн. Для паляпшэння санітарна-тэхнічнага і санітарна-гігіенічнага стану месцаў адпачынку, своечасовага правядзення ўборкі тэрыторый, абсталявання іх кантэйнерамі для збору смецця, туалетамі і правядзення іншых работ па добраўпарадкаванні ў адпаведныя ведамствы накіраваны 111 інфармацыйных матэрыялаў і 44 - у райвыканкамы.-0-