Купацца не забаронена! Але…

Купаться не запрещено! Но…

Большасць людзей любяць плаваць і загараць. Але што рабіць, калі няма магчымасці паехаць адпачываць на мора ці загарадныя вадаёмы? Пайсці на гарадскі пляж! Каб даведацца, як праводзяць свой час гараджане на беразе Заходняй Дзвіны, карэспандэнт «ВВ» адправілася ў зону масавага адпачынку, размешчаную недалёка ад парку ім. Савецкай Арміі ў Мазурына.

У будні дзень на пляжы няшматлюдна, выглядае ён напаўзарослым, пясчаны бераг месцамі пакрыты расліннасцю. Рака змялела. Як распавёў адзін з дзяжурных ратавальнікаў ОСВАД Сяргей Бычкоў, у лепшыя дні налічваў і паўтары тысячы чалавек, сёння тут каля пяцідзесяці.

Заўважна, што некаторыя работы па добраўпарадкаванні зоны адпачынку напярэдадні сезона праводзіліся. Буйкамі пазначана акваторыя, у якой дазволена плаваць, ёсць стэнды з нумарамі тэлефонаў экстранных службаў і іншай карыснай інфармацыяй, некалькі распранальняў, пара лавачак, урны для збору смецця і адзін (!) туалет.

— З прыходам цяпла нашымі спецыялістамі праведзена абследаванне і расчыстка дна месцаў масавага адпачынку ў раёне вуліцы Лагернай і парку імя Савецкай Арміі, — распавядае начальнік Віцебскай ратавальнай станцыі Вячаслаў Горын. — Там бесперапынна вядзецца вахтэннае назіранне. У кожнай змене дзяжураць 3 вадалазы, медсястра, матарыст-рулявы, які кіруе маламернымі ратавальнымі судамі, і матросы-ратавальнікі. Яны на лодцы правяраюць месцы, агляд якіх з паста абмежаваны. Таксама курсіруе патрульны катар.

Пад наглядам ратавальнікаў знаходзяцца не толькі адпачывальнікі на пляжы, але і тыя, хто прымае водныя працэдуры ў месцах, не прызначаных для купання. Іх папярэджваюць аб небяспецы і прадугледжаным за парушэнне пакаранні. Але часта заўвагі людзі проста ігнаруюць.

Вось і ў гэты дзень некалькі кампаній размясціліся на процілеглым беразе і плаваюць у забароненай зоне, іх галоўны аргумент: «Мы тут заўсёды адпачываем, і нічога не здаралася». Такая пазіцыя, як правіла, да дабра не даводзіць. Пра гэта сведчыць статыстыка: у вобласці ў маі 2014 года патанулі 18 чалавек, у чэрвені — 13. Ужо ў гэтым месяцы вада забрала чацвярых.

Купальны сезон толькі набірае абароты, і віцябляне яшчэ не раз адправяцца на Дзвіну. Вось толькі ў большасці сваёй не на гарадской, а на дзікія пляжы. Прычына простая — вузкая паласа берага проста не можа змясціць усіх жадаючых, ды і ўладкаванне далёка не самае сучаснае, таму і бягуць адпачывальнікі туды, дзе больш месца і пяску.

Наталля Камлёва, "Віцебскія весці"