Курс беларускага рубля да кошыка валют у бліжэйшы час значна не зменіцца - Н.Ермакова
16 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Курс беларускага рубля ў найбліжэйшы час і ў першым квартале 2011 года не зазнае значных змен у адносінах да кошыка валют. Такі прагноз у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА зрабіла старшыня праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк" Надзея Ермакова. Яна брала ўдзел у адзіным дні інфармавання "Беларусь - сацыяльная дзяржава: асноўныя вынікі развіцця ў 2006-2010 гадах" у Віцебску.
"Кошык валют, у які ўваходзяць еўра, долар, расійскі рубель, пакуль змяняцца не будзе. У першым квартале 2011 года ён таксама застанецца ранейшым. Стан беларускай эканомікі дазваляе быць у гэтым упэўненымі", - лічыць Надзея Ермакова.
Адносіны курса беларускага рубля да валют іншых дзяржаў дыктуюцца сусветнай фінансавай сістэмай: на біржах ідзе пастаянная барацьба долара і еўра, якая выгадная гульцам. Па словах старшыні праўлення Беларусбанка, у найбліжэйшы час кошык валют будзе дапоўнены кітайскім юанем, што зробіць яго больш незалежным.
Як адзначыла Надзея Ермакова, рэзкае змяненне курса беларускага рубля да кошыка валют, якое адбылося на пачатку 2009 года, было абумоўлена патрабаваннямі Міжнароднага валютнага фонду. У цяперашні час МВФ вядзе толькі маніторынг працэсаў, якія адбываюцца ў фінансавай сістэме краіны. Золатавалютныя запасы краіны забяспечваюцца экспартам.-0-