Курс медыцынскай рэабілітацыі і працоўная тэрапія чакаюць пастаяльцаў Віцебскага ЛПП

25 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першы ў Віцебскай вобласці лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) адкрыўся сёння ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама Рычард Малец. Установа, разлічаная на знаходжанне 400 асоб, створана на базе былой сярэдняй школы №13 па вуліцы Гагарына. Пуставаць новаму ЛПП не давялося: у першы ж дзень яго пастаяльцамі сталі 25 жыхароў рэгіёну, якія пакутуюць на алкагольную залежнасць. У новых для сябе ўмовах гэтыя людзі будуць праходзіць курс медыцынскай рэабілітацыі і працоўнай тэрапіі. Фізічная праца на дрэваапрацоўчай вытворчасці дапаможа ім не толькі задумацца аб сваёй далейшай долі, але і зарабіць грошы, у тым ліку на ўтрыманне дзяцей. Рышард Малец не выключыў верагоднасць таго, што ў бліжэйшы час віцебскі ЛПП будзе запоўнены. Гэта абумоўлена дастаткова значнай колькасцю алкаголікаў, якія нярэдка трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў за парушэнне грамадскага парадку або гвалт у сям'і. Так, толькі за мінулы год у ЛПП іншых абласцей рэспублікі былі накіраваны 803 жыхары Віцебскай вобласці. За няпоўныя тры месяцы 2009 года іх колькасць склала каля 300 чалавек. Добраахвотнае лячэнне ад алкагольнай залежнасці ў стацыянары за 2008 год прайшлі каля 4 тыс. чалавек, студзень-люты бягучага года - 1,7 тыс. чалавек.-0-