Курс пра шлюб і сям'ю плануецца ўвесці ва ўстановах адукацыі Віцебскай вобласці

27 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Курс аб шлюбе і сям'і плануецца ўвесці ва ўстановах адукацыі Віцебскай вобласці. Аб гэтым паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец падчас разгляду пытання аб рэалізацыі рэгіянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Цыкл "Шлюб і сям'я" будзе прысвечаны палавому выхаванню падлеткаў. Увесці яго ў адукацыйную праграму плануецца ў наступным годзе. Значнасць дадзенага курса ў пытанні выканання праграмы дэмаграфічнай бяспекі безумоўная, перакананы Аляксандр Косінец. "Пытаннем палавога выхавання падлеткаў у школах асабліва не займаюцца. Між тым у выніку бязладных палавых адносін у юнацкія гады, няўвагі да пытання ўласнага рэпрадуктыўнага здароўя значная колькасць маладых сямейных пар у далейшым не могуць мець дзяцей", - падкрэсліў губернатар, адзначыўшы, што адсутнасць палавога выхавання моладзі цесна звязана таксама са статыстыкай шлюбаў і разводаў, сітуацыяй з нараджальнасцю. Яшчэ адной важнай праблемай, закранутай губернатарам, стала тытунекурэнне. Па яго словах, гэтай згубнай звычкай пакутуе 60% насельніцтва вобласці. Шырока распаўсюджана курэнне сярод моладзі. Пры гэтым асаблівую ўвагу, на думку губернатара, варта звярнуць на факт распаўсюджвання тытунекурэння сярод студэнтаў медыцынскіх і гуманітарных ВНУ, выпускнікі якіх - медыкі і настаўнікі - павінны будуць падаваць асабісты прыклад будучым пакаленням у прапагандзе здаровага ладу жыцця. У сувязі з гэтым старшыня аблвыканкама адзначыў неабходнасць узмацнення работы на інфармацыйным полі.-0-