Курс "Уводзіны ў інфармацыйныя тэхналогіі" будзе ўведзены ў пачатку 2010 года ва ўсіх школах Оршы
8 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Курс "Уводзіны ў інфармацыйныя тэхналогіі" будзе ўведзены ў пачатку 2010 года практычна ва ўсіх сярэдніх школах Оршы. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) Аляксандр Марцінкевіч сёння на адкрыцці ў раённым цэнтры гарадскога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Орша стала першым горадам у Беларусі, дзе адміністрацыя ПВТ сумесна з кампаніямі-рэзідэнтамі рэалізавала праект па стварэнні рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій у цэлым для горада, а не асобнай навучальнай установы, падкрэсліў Аляксандр Марцінкевіч. Адкрыццё своеасаблівай філіяла ПВТ для школьнікаў у Оршы дазволіць арганізаваць дыстанцыйнае навучанне дзяцей па курсе "Уводзіны ў інфармацыйныя тэхналогіі", стварыць лічбавую бібліятэку метадычных і навучальных матэрыялаў, якімі змогуць скарыстацца настаўнікі для выкладання шырокага спектру навучальных дысцыплін. Акрамя таго, на базе цэнтра будуць арганізаваны камп'ютарныя гурткі для дзяцей і падлеткаў, а таксама выкладанне спецыялізаваных курсаў для ўсіх жадаючых. Кадры для ўкаранення курса дыстанцыйнага навучання рыхтуюцца на базе ПВТ сумесна з кампаніяй-рэзідэнтам Cisco.
На цырымоніі адкрыцця цэнтра 27 аршанскіх педагогаў, якія прайшлі навучанне па міжнароднай праграме, атрымалі адпаведныя сертыфікаты міжнароднага ўзору, якія даюць права выкладаць курс "Уводзіны ў інфармацыйныя тэхналогіі".
Акрамя навучання, цэнтр прызваны аказваць садзейнічанне ў прафарыентацыйнай рабоце. "Ва ўмовах пабудовы эканомікі ведаў важна, каб школьнікі выбіралі тэхнічныя спецыяльнасці. За тэхнічнай адукацыяй - будучыня нашай краіны, якую будуць ствараць інжынеры, праграмісты, людзі з інавацыйным мысленнем", - адзначыў Аляксандр Марцінкевіч. Калі ўдасца зацікавіць дзяцей інжынернымі спецыяльнасцямі, то ў бліжэйшыя гады будуць падрыхтаваны спецыялісты, якія забяспечаць прарыў Беларусі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, упэўнены намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ.-0-