Курская вобласць плануе заключыць пагадненні аб супрацоўніцтве з Віцебскам

Курская вобласць Расіі плануе заключыць пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Мінскам, Віцебскам і Гродна. Пра гэта на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў губернатар Курскай вобласці Аляксандр Міхайлаў.

 – Мы маем адносіны з Гомельскай і Магілёўскай абласцямі. У час гэтага візіту будзе падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Мінскім гарвыканкамам. Падрыхтоўваюцца таксама пагадненні з Віцебскам і Гродна, – сказаў Аляксандр Міхайлаў.

 Расійскі губернатар ужо шосты раз наведвае Беларусь. Цяперашняя дэлегацыя Курскай вобласці складаецца з 45 чалавек.

 – Калісьці ў нас быў мінімальны аб'ём таваразвароту. Затым мы дасягнулі нядрэнных вышынь, потым быў спад. Але ў гэтым годзе па выніках дзевяці месяцаў гандлёвы абарот вырас у паўтара раза да аналагічнага перыяду 2016 года. Да канца года мы дасягнем прыкладна 140 млн долараў. Ёсць перспектывы для нарошчвання таваразвароту і далей. Для нас гэта вельмі важна, – падкрэсліў Аляксандр Міхайлаў.

У 2017 годзе споўнілася 15 гадоў з моманту падпісання паміж урадам Беларусі і адміністрацыяй Курскай вобласці пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве.

 – Хацеў бы выказаць самыя шчырыя словы падзякі за тое, што ў нашых адносінах склаўся добразычлівы клімат, – сказаў кіраўнік расійскага рэгіёну. 

БелТА. Фота russia-now.com