Кватэры для маладых спецыялістаў будуць пабудаваны ў кожным райцэнтры Віцебскай вобласці да канца 2011 года
23 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Для маладых спецыялістаў у кожным райцэнтры Віцебскай вобласці да канца 2011 года будуць пабудаваны шматкватэрныя жылыя дамы. Даручэнне аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама кіраўнікам раёнаў даў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ходзе праверкі КДК забеспячэння выканання дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва Віцебскай вобласці было ўстаноўлена, што ў некаторых сельскіх раёнах на ўчастковага тэрапеўта прыпадае 2-3 тыс. жыхароў пры нарматыве адзін тэрапеўт на 1,7 тыс. жыхароў. Прычыну невыканання сацыяльнага стандарту КДК бачыць у плыннасці маладых спецыялістаў. Многія з іх вымушаны жыць у інтэрнатах або здымаць жыллё. Па даных упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, 342 маладых урача, якія працуюць па размеркаванні ў раёнах, маюць патрэбу ў жыллі. Акрамя таго, упраўленне адукацыі аблвыканкама канстатуе, што больш за 1 тыс. сем'яў маладых педагогаў не маюць уласнага жылля.
"Маладыя спецыялісты не трымаюцца за працу з-за адсутнасці жылля", - лічыць губернатар. У сувязі з гэтым старшыня аблвыканкама даручыў правесці інвентарызацыю пустуючых новых дамоў, здадзеных у эксплуатацыю на вёсцы, і перадаць іх для маладых спецыялістаў, а таксама ў кожным райцэнтры пабудаваць па жылым доме на 30-40 кватэр і вылучаць іх як службовае жыллё. Сродкі на будаўніцтва будуць закладзены ў бюджэце вобласці.-0-