Квест-экскурсіі, пакуль адзіныя ў Беларусі, прапануе бюро падарожжаў і паслуг «Віцебсктурыст».
Ад традыцыйнай агляднaй паездкі па славутасцях яе адрозніваюць пазнавальна-забаўляльны характар і элементы гульні ў стылі пошуку скарбаў. Група турыстаў дзеліцца на некалькі каманд, кожнай з якіх уручаецца індывідуальны квэст-маршрут для самастойнай інтэр-актыўнай экскурсіі па горадзе, падобнай на паляванне за ведамі. У некалькіх кропках, як правіла, недалёка ад помнікаў архітэктуры або знакавых месцаў, гульцоў чакаюць арганізатары, даведацца якіх можна па спецыяльных знаках (яркія хусткі, паветраныя шарыкі і г.п.). Невялікі аповяд пра славутасць заканчваецца пытаннем. Правільна адказаўшы на яго, каманда адпраўляецца ў далейшае падарожжа, а ў выпадку памылкі атрымлівае штраф у выглядзе дадатковых хвілін да выніковага часу праходжання квэста. У канцы ўсе гульцы збіраюцца ва ўмоўным месцы, дзе і выяўляецца пераможца. Для камфортнага перамяшчэння па горадзе турыстам прадастаўляецца транспарт.
Як распавяла начальнік бюро падарожжаў «Віцебсктурыст» Вольга Васільева, у аснову новай паслугі легла ідэя знаёмай многім з дзяцінства гульні «Зарніца», удасканаленая і адаптаваная да сучасных рэалій. Маршруты і спецыяльныя заданні могуць карэктавацца ў залежнасці ад мэт заказчыкаў і наяўнасці ў іх вольнага часу. Пакуль прапановай скарысталіся толькі аднойчы: пастаянны карпаратыўны кліент вырашыў сумясціць заданні па ўмацаванні каманднага духу з пазнавальным падарожжам і, як сцвярджаюць супрацоўнікі бюро, застаўся задаволены. У «Віцебсктурысце» надеются, што квэст-экскурсіі хутка стануць папулярнымі, бо пакуль аналагаў ім на турыстычным рынку нашай краіны няма.
Наталля Камлёва, "Віцебскія весці"