Квэсты, рэбусы, крыжаванкі: у Чашніцкім гістарычным музеі ў гульнявой форме распавядаюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны

Тэлефон без цыферблата, вясельная сукенка з парашутнага шоўку, медыцынскія інструменты партызанскага доктара. Гэтыя і шматлікія іншыя экспанаты, прадстаўленыя ў Чашніцкім гістарычным музеі, выклікаюць цікавасць у наведвальнікаў.

Для юнага пакалення супрацоўнікі актыўна выкарыстоўваюць гульнёвыя формы: квэсты, рэбусы, крыжаванкі на ваенна-гістарычную тэматыку, якія дапамагаюць глыбей засвоіць прадстаўлены матэрыял.

Экспазіцыя ваеннай залы распавядае пра партызанскі рух, на стэндах – фотаздымкі і дакументы пра мясцовых жыхароў, макеты зброі, узнагароды.

У шэрагі народных посахліўнікаў ішлі цэлымі сем'ямі. Напрыклад, на легендарным здымку захаваны Мікіфор Рыдлеўскі з дочкамі Вольгай і Зінаідай у дзень вяртання ў родную Чарыю Чашніцкага раёна. Яны змагаліся з акупантамі ў Сенненскай партызанскай брыгадзе. Да вайны стары кавалер і ўдавец Мікіфор Тэрэнцьевіч працаваў старэйшым конюхам калгаса «Колас», дочкі вучыліся ў школе, двое сыноў – Аляксандр і Уладзімір – служылі ў арміі і загінулі на франтах. З прыходам немцаў Рыдлеўскія падаліся ў лес. Кіраўнік сям'і стаў ад'ютантам камандзіра брыгады, добра ведаў мясцовасць і падчас аперацый дакладна выводзіў партызан у патрэбны раён. Вольгу накіравалі ў санітарны ўзвод, Зінаіду – у стралковую часць.

Пасля вызвалення 59-гадовы Мікіфор Рыдлеўскі ўдзельнічаў у парадзе партызан, які прайшоў у Віцебску ў нядзелю, 23 ліпеня 1944-га. На адным са здымкаў з першага пасляваеннага масавага мерапрыемства Мікіфор Тэрэнцьевіч выяўлены з дачкой Зінаідай. Тады па Сенненскай плошчы (частка вул. Б. Хмяльніцкага ад вул. Жэсткова да вул. Шубіна) прайшло каля 10 тыс. партызан, таксама былі прадстаўлены і воінскія часці.

На агульнагарадскім мітынгу, які папярэднічаў параду, ад імя народных мсціўцаў выступіў камандзір Чашніцкай партызанскай брыгады «Дубова» Герой Савецкага Саюза Фёдар Дуброўскі, пра якога расказваюць стэнды музея. Камандзір распрацоўваў і сам прымаў удзел у многіх баявых аперацыях, з'яўляўся ўзорам асабістай адвагі. Напрыклад, атрады злучэння 19 студзеня 1943-га разграмілі гарнізон акупантаў у Чашніках. Да канца года былі знішчаны 22 падобныя апорныя пункты праціўніка, партызаны таксама актыўна ўдзельнічалі ў «рэйкавай вайне».

У адной з экспазіцый прадстаўлены медыцынскія інструменты ўрача Кірыла Чэпіка, які ўзначальваў санітарную службу брыгады Дубова, а затым – усе партызанскія злучэнні Лепельска-Ушацкай зоны. Фашысты павесілі яго жонку Ніну, выпадкова ўдалося выратаваць трохгадовага сына Алега. У партызанскім шпіталі Кірыл Пятровіч зрабіў больш за 500 аперацый, ратуючы тых, хто быў паранены ў баях з ворагам.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"