Лабараторыя для маладых журналістаў і блогераў адкрылася пры медыяцэнтры Віцебскай вобласці
Медыялабараторыя ўключае ў сябе пяць лакацый. Тры з іх прызначаны для здымкі фота- і відэакантэнту, правядзення прамых эфіраў і стрымаў. Асобная зона выдзелена для правядзення майстар-класаў і майндмайндынгаў.
Значнасць медыялабараторыі для развіцця журналістыкі ў рэгіёне падкрэсліў міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў:
– Шчыра кажучы, не прыгадваю, каб бачыў такі фармат лабараторый дзе-небудзь, акрамя навучальных устаноў, універсітэтаў, якія рыхтуюць адпаведных спецыялістаў. Медыялабараторыя карысная і, безумоўна, цікавая для пачаткоўцаў журналістаў, якія робяць першыя крокі ў гэтай няпростай прафесіі. Тут ёсць неабходнае святлавое абсталяванне, мікрафоны, пляцоўкі з лакацыямі, дзе можна запісаць стэндапы, праходкі, модныя прыёмы, якія прыйшлі да нас з блогасферы…
Моладзі, якая цікавіцца журналістыкай, міністр пажадаў галоўнага – па-добраму захварэць гэтай прафесіяй. Асобна Уладзімір Пярцоў даў высокую ацэнку медыяцэнтру Віцебскай вобласці:
– Усе мерапрыемствы, якія тут праводзім, заўсёды на дзесяць з дзесяці! У гэтым перш за ўсё бачу важную ролю губернатара, які надае гэтай працы вялікую асабістую ўвагу, разумее яе важнасць, каштоўнасць, тым больш у гэты востры палітычны і гістарычны перыяд.
Медыялабараторыя стане важнай прафарыентацыйнай, адукацыйнай, практыкаарыентаванай пляцоўкай для дзяцей Віцебскай вобласці, якія цікавяцца журналістыкай і блогасферай, перакананая начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Новіцкая. Звяртаючыся ў тым ліку да юных журналістаў, блогераў паўночнага рэгіёну, якія таксама сталі ўдзельнікамі падзеі, Марына Уладзіміраўна адзначыла:
– У гэту медыялабараторыю для моладзі сапраўды ўкладзена душа. Тут і зараз з намі дзеці, якія мараць быць журналістамі, а некаторыя, займаючыся такім фарматам журналістыкі, як блогерства, ужо лічаць сябе такімі. Але каб адбыцца ў сваёй справе, неабходна вучыцца. Новая пляцоўка, якую мы сёння прадстаўляем, – гэта магчымасць у розных напрамках развіваць свае таленты, гаварыць пра тое, што задае трэнды ў нашай Рэспубліцы Беларусь. Усе разам пры добрых настаўніках, пры падтрымцы аблвыканкама, газеты «Віцебскія весці», упэўнена, мы яшчэ зробім крок наперад у развіцці медыя нашага рэгіёну.