Лабараторыя кантролю якасці лекаў Віцебскага медуніверсітэта пройдзе акрэдытацыю Госстандарта
12 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (ВДМУ) плануе ў 2010 годзе акрэдытаваць унутрывузаўскую лабараторыю стандартызацыі і кантролю якасці лекавых сродкаў у Дзяржстандарце Беларусі, што значна пашырыць паўнамоцтвы структурнага падраздзялення ўніверсітэта па правядзенні кантрольных выпрабаванняў лекавых сродкаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык лабараторыяй, кандыдат фармацэўтычных навук Васіль Фадееў.
Лабараторыя стандартызацыі і кантролю створана ў медуніверсітэце ў 2007 годзе для правядзення навуковых даследаванняў і распрацовак, у тым ліку для падрыхтоўкі дысертацый на атрыманне вучоных ступеняў супрацоўнікамі ўніверсітэта. Акрамя таго, лабараторыя займаецца выпрабаваннямі лекавых сродкаў, якія распрацоўваюцца ў Беларусі і рыхтуюцца да ўкаранення ў практыку. Па аснашчанасці, у тым ліку тэхналагічнай, лабараторыя ўваходзіць у лік перадавых устаноў у краіне. Сучаснае абсталяванне дазваляе праводзіць выпрабаванні метадамі малекулярнай інфрачырвонай і ультрафіялетавай спектраскапіі, высокаэфектыўнай вадкаснай і газавай храматаграфіі. На яе базе выконваюцца даследаванні фармацэўтычнай эквівалентнасці лекавых сродкаў з выкарыстаннем тэстаў кінетыкі растварэння. Лабараторыя таксама з'яўляецца аналітычнай базай для правядзення біяэквивалентных выпрабаванняў генерычных лекавых сродкаў.
Акрэдытацыя Дзяржстандарта Беларусі стане пацвярджэннем кампетэнтнасці і незалежнасці лабараторыі і дасць магчымасць праводзіць кантроль якасці лекавых сродкаў, якія ўжо выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай і медыцынскай практыцы. Пасля праходжання акрэдытацыі лабараторыя ВДМУ стане другой падобнай установай у краіне, якая будзе ўпаўнаважана праводзіць стандартызацыю новых лекавых сродкаў і кантроль якасці ўжо ўжывальных медпрэпаратаў, растлумачыў Васіль Фадееў. Для праходжання акрэдытацыі ўніверсітэт плануе выканаць комплекс мерапрыемстваў, у тым ліку дадаткова закупіць абсталяванне, абнавіць рэактывы, актуалізаваць методыкі працы. Завяршыць падрыхтоўку да акрэдытацыі мяркуецца ў першым паўгоддзі.
Уключэнне лабараторыі ў сістэму кантролю лекавых сродкаў дазволіць павялічыць хуткасць абарачэння медыкаментаў на ўнутраным рынку. Гэта асабліва актуальна ў перыяды сезонных успышак захворванняў, калі даводзіцца закупляць шмат новых найменняў лекавых сродкаў і забяспечыць аператыўны кантроль іх якасці і сертыфікацыю для наступнай рэалізацыі ў аптэчнай сетцы, адзначыў Васіль Фадееў.-0-