Лабараторыя віртуальнай і дапоўненай рэальнасці створана ў Віцебскім дзяржуніверсітэце

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава (ВДУ) 23 кастрычніка адкрыецца лабараторыя віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, паведаміла дэкан факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВДУ Алена Залесская.

У ВДУ гэта ўжо шостая супольная вучэбна-практычная лабараторыя, дзе студэнты асвойваюць розныя спецыяльнасці сферы высокіх тэхналогій. Лабараторыя створана з IT-кампаніяй InnowiseGroup (ТАА "Фабрыка інавацый і рашэнняў").

Памяшканне аснашчана 14 камп'ютарамі з высокапрадукцыйнымі відэаадаптарамі, сістэмамі віртуальнай рэальнасці і акулярамі дапоўненай рэальнасці. Гэта дазваляе займацца 2D- і 3D-мадэляваннем, распрацоўваць кантэнт для акуляраў віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, інтэрактыўныя дадаткі, гульні.

Адна з ключавых задач лабараторыі - стварэнне шырокага спектру высокатэхналагічных прадуктаў, якія прымяняюцца ў інавацыйнай адукацыі, медыцыне, індустрыі інтэрактыўных забаў.

Спецыялісты IT-кампаніі будуць праводзіць у лабараторыі факультатывы, трэнінгі, майстар-класы, канферэнцыі, семінары. Разгледзяць дадатковыя пытанні праграмавання, пабудову інтэрактыўных карыстальніцкіх інтэрфейсаў, распазнаванне і візуалізацыю вобразаў і іншае.

На адкрыцці лабараторыі прадэманструюць магчымасці тэхналогій віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. Цяпер яны шырока прымяняюцца ў медыцыне. Выява 3D-мадэлі пашкоджаных унутраных органаў і костак чалавека, атрыманая з дапамогай рэнтгена, МРТ, КТ, і прымяненне акуляраў дапоўненай рэальнасці дапамагаюць убачыць пашкоджанні ў аб'ёме. Такім чынам хірургі праводзяць складаныя лапараскапічныя аперацыі з найменшым інструментальным умяшаннем.

У перспектыве ў лабараторыі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці будуць распрацоўвацца навуковыя і вытворчыя праекты, у якіх будуць задзейнічаны выкладчыкі і студэнты ВДУ. Гэта максімальна наблізіць навучальны працэс да рэалій вытворчасці і дазволіць весці практыка-арыентаваную падрыхтоўку спецыялістаў.

БЕЛТА.