Ландшафтных дызайнераў і спецыялістаў для рабатызаваных ферм пачынаюць рыхтаваць у Віцебскай вобласці

18 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Прафесійныя ліцэі і каледжы Віцебскай вобласці з новага навучальнага года ўпершыню пачынаюць падрыхтоўку ландшафтных дызайнераў і спецыялістаў для рабатызаваных ферм. Пералік, па якім вядзецца падрыхтоўка рабочых кадраў у прафесійна-тэхнічных навучальных установах вобласці, папоўніцца дзясяткам новых кваліфікацый, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка. Неабходнасць падрыхтоўкі рабочых па новых спецыяльнасцях і кваліфікацыях прадыктавана патрэбамі рэгіёна. Напрыклад, у абласным цэнтры да гэтага часу няма ніводнага прафесійнага ландшафтнага дызайнера, таму ў прафесійна-тэхнічным каледжы ў пасёлку Акцябрскі будуць рыхтаваць рабочых для садова-паркавага будаўніцтва спецыяльна для Віцебска. Тэхнічнае пераўзбраенне сельскагаспадарчай вытворчасці запатрабавала падрыхтоўкі рабочых для абслугоўвання і эксплуатацыі высокатэхналагічнага абсталявання - рабатызаваных ферм, тэхнікі, насычанай электронікай. Упершыню ў Відзаўскім прафесійным ліцэі, які ў бліжэйшы час стане каледжам, пачнецца падрыхтоўка тэхнікаў-механікаў і кіроўцаў са сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для аўтамабільнай гаспадаркі. Падрыхтоўка спецыялістаў па новых кваліфікацыях і спецыяльнасцях прадугледжвае і набыццё новага навучальнага абсталявання. Штогод на гэтыя мэты ў вобласці выдзяляюцца сродкі ў адпаведнасці з рэгіянальнай праграмай развіцця прафтэхадукацыі. У бягучым годзе прадугледжваецца закупіць абсталявання на Br5,4 млрд. Гэтыя сродкі будуць накіраваны пераважна на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых вучэльняў. На думку Сяргея Каваленкі, цяпер прыйшоў час ствараць міжрэгіянальныя прафесійныя каледжы, якія вялі б падрыхтоўку рабочых з улікам патрэб канкрэтных раёнаў. З падобнай ініцыятывай упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама выступіла перад Мінадукацыі. Магчыма, што першы такі каледж праз два гады будзе створаны ў Аршанскім раёне. Сяргей Каваленка адзначыў, што вобласць ужо падрыхтавала прапановы па канцэпцыі развіцця прафесійна-тэхнічнай адукацыі на перыяд 2001-2015 гадоў і ўнесла іх на разгляд Мінадукацыі. У Віцебскай вобласці 31 прафесійна-тэхнічная навучальная ўстанова вядзе падрыхтоўку рабочых больш чым па 60 прафесіях звыш 100 кваліфікацый. У рэгіёне працуюць 6 прафесійна-тэхнічных каледжаў, 22 прафесійныя ліцэі, 3 прафтэхвучэльні. У бягучым годзе на навучанне прадугледжваецца прыняць 4,5 тыс. выпускнікоў базавых і сярэдніх агульнаадукацыйных школ. -0-