Латвіяй і Літвой працягнуты тэрміны абмежаванняў пры перасячэнні мяжы
Згодна з атрыманай інфармацыяй ад латвійскага і літоўскага бакоў у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, выкліканай распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі COVID-19, працягнуты тэрміны раней устаноўленых абмежаванняў пры перасячэнні мяжы.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Полацкага памежнага атрада падпалкоўнік Дзяніс Глебка, у Літоўскай Рэспубліцы працягнуты тэрмін устаноўленага каранціннага рэжыму да 24.00 27 красавіка 2020 года, у Латвіі рэжым надзвычайнай сітуацыі працягнуты да 12 мая 2020 года. Усе раней устаноўленыя абмежаванні ў Латвійскай Рэспубліцы захоўваюцца.
Нагадаем, на беларуска-латвійскай мяжы зачынены пункты спрошчанага пропуску «Мейкшаны» (з беларускага боку «Гаўрыліна»), «Каплава» («Плюсы»), «П'едруя» («Друя»), а таксама міжнародны чыгуначны пункт пропуску «Індра» («Бігасава») на станцыі Бігасава для пасажырскіх зносін.
Да 12 мая латвійскім бокам спынена афармленне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на ўезд у Латвію.
Уезд у краіну дазволены грузаперавозчыкам, грамадзянам Латвіі, членам іх сем'яў, асобам, якія маюць дазвол на пражыванне і працу ў Латвіі, замежным грамадзянам, якія пастаянна пражываюць у Латвіі, асобам з дыпламатычнымі пашпартамі і членам іх сем'яў, замежнікам, якія пастаянна пражываюць у Літве і Эстоніі для вяртання да месца жыхарства, а таксама замежным грамадзянам, якія прыбылі ў Латвію па гуманітарных прычынах або для забеспячэння інтарэсаў дзяржавы.
Магчымасць перасячэння латвійска-беларускага ўчастка мяжы абмежавана пунктамі пропуску «Пацерніекі» (з беларускага боку «Грыгараўшчына», Верхнядзвінскі раён) і «Сілене» («Урбаны», Браслаўскі раён).
На беларуска-літоўскай мяжы ў пункце спрошчанага пропуску «Цвярячус» («Відзы» з беларускага боку), па-ранейшаму, афармленне асоб і транспартных сродкаў не ажыццяўляецца.
Інфармацыя аб зменах парадку перасячэння мяжы і рэжыме працы латвійскіх пунктаў пропуску будзе прадастаўлена па меры паступлення звестак ад суседніх бакоў на Інтэрнэт-партале, у акаўнтах сацыяльных сетак і
тэлеграм-канале Дзяржпагранкамітэта.