Латвія і Літва працягнулі тэрміны абмежаванняў пры перасячэнні мяжы

У Літве тэрмін усталяванага каранціннага рэжыму працягнуты да 24.00 31 мая бягучага года, у Латвіі рэжым надзвычайнай сітуацыі працягнуты да 9 чэрвеня. Усе раней усталяваныя абмежаванні ў Латвійскай Рэспубліцы захоўваюцца, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Полацкага памежнага атрада падпалкоўнік Дзяніс Глебко.

На беларуска-літоўскай мяжы ў пункце спрошчанага пропуску «Цвярячус» («Відзы» з беларускага боку), па-ранейшаму, афармленне асоб і транспартных сродкаў не ажыццяўляецца.

На беларуска-латвійскай мяжы зачынены пункты спрошчанага пропуску «Мейкшаны» (з беларускага боку «Гаўрыліна»), «Каплава» («Плюсы»), «П'едруя» («Друя»), а таксама міжнародны чыгуначны пункт пропуску «Індра» («Бігасава») на станцыі Бігасава для пасажырскіх зносін.

Магчымасць перасячэння латвійска-беларускага ўчастка мяжы абмежавана пунктамі пропуску «Пацерніекі» (з беларускага боку «Грыгораўшчына», Верхнядзвінскі раён) і «Сілене» («Урбаны», Браслаўскі раён).

"Віцебскія весці".