Латвійская кампанія гатова праінвеставаць будаўніцтва мультымадальнага лагістычнага цэнтра ў Воршы
11 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Латвійская кампанія Logistic Partneri LTD гатова праінвесціраваць будаўніцтва Міжнароднага мультымадальнага лагістычнага цэнтра "Орша" каля Аршанскага авіярамонтнага завода. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Мікалай Веравец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Першы намеснік міністра адзначыў, што перамовы аб супрацоўніцтве з латвійскай кампаніяй праводзяцца, аднак дагаворныя адносіны пакуль не фармалізаваны. "Але ў бліжэйшы час мы плануем гэта зрабіць", - сказаў ён.
Чакаецца, што аб'ём інвестыцый, неабходных для стварэння мультымадальнага лагістычнага цэнтра, складзе не менш за $200 млн. "Нашы партнёры зацікаўлены ў супрацоўніцтве, у тым ліку ў магчымасці выкарыстання тых прэферэнцый, якія Беларусь можа прадаставіць", - падкрэсліў Мікалай Веравец.
Аршанскі рэгіён з'яўляецца адным з найбольш перспектыўных для развіцця транспартнай лагістыкі, гэта скрыжаванне не толькі аўтамабільных, але і авіяшляхоў. "На Аршанскім авіярамонтным заводзе ў добрым стане захавалася ўзлётна-пасадачная паласа, паблізу размешчаны і чыгуначныя шляхі, - сказаў Мікалай Веравец. - Адным словам, ёсць усё для развіцця лагістыкі".-0-