Латвійскія будаўнікі ўзвядуць два шматкватэрныя дамы ў Віцебскай вобласці
7 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Будаўнікі з Даўгаўпілса атрымаюць працу на Віцебскім домабудаўнічым камбінаце, паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар будаўнічага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства "Віцебскі домабудаўнічы камбінат" (ДБК) Анатоль Стрык.
Латвійскай будаўнічай кампаніі прапанавана прыняць удзел у будаўніцтве двух жылых шматкватэрных дамоў у Віцебскім і Шумілінскім раёнах. Пры гэтым пад ключ павінны быць здадзены не толькі самі дамы, але і прыдамавая тэрыторыя. Яе добраўпарадкаваннем і азеляненнем таксама зоймуцца калегі з суседняй краіны, дадаў Анатоль Стрык. Праекты гэтых дамоў выкананы віцебскімі архітэктарамі. Мяркуецца, што дзякуючы супрацоўніцтву з ДБК працу ў Віцебскай вобласці атрымаюць каля 100 латвійскіх будаўнікоў.
Як падкрэсліў Анатоль Стрык, прыцягненне замежных спецыялістаў ніякім чынам не паўплывае на занятасць айчынных будаўнікоў. "Аб'ём будаўніцтва расце, і прадпрыемства адчувае дэфіцыт кадраў", - сказаў ён. У бягучым годзе камбінату трэба будзе ўзвесці 162,4 тыс. кв. м жылля. За восем месяцаў здадзена ў эксплуатацыю 106 тыс. кв. м.
Віцебскі ДБК з'яўляецца адным з вядучых прадпрыемстваў будаўнічай галіны Віцебшчыны. Спецыялізуецца на ўзвядзенні аб'ектаў жыллёвага, вытворчага і сельскагаспадарчага прызначэння. Камбінат быў заснаваны ў 1966 годзе. На ім працуюць 3,4 тыс. чалавек. -0-