Латвійцы часцей за беларусаў карыстаюцца правам спрошчанага парадку перасячэння мяжы
Грамадзяне Латвіі часцей за грамадзян Беларусі карыстаюцца правам спрошчанага парадку перасячэння мяжы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага пагранатрада Дзяніс Глебко.
Паводле даных пагранатрада, за студзень-кастрычнік 2012 года мяжу ў спрошчаным парадку перасеклі больш за 8,1 тыс. латышоў і каля 100 беларусаў. У сярэднім кожны латыш у'язджаў у Беларусь дзевяць разоў.
З 1 лютага 2012 года ўступіла ў сілу пагадненне паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб спрошчаным парадку узаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый. У канцы лютага консульствам Латвіі ў Віцебску былі выдадзены першыя дазволы на мясцовае памежнае перамяшчэнне. Аднак не ўсе жыхары памежных тэрыторый могуць скарыстацца правам уезду ў Латвію без візы, падкрэсліў суразмоўца. Спрошчаны парадак перасячэння мяжы жыхарамі памежных тэрыторый Беларусі і Латвіі для далейшага знаходжання на памежнай тэрыторыі дазволены ў строга вызначаных выпадках.
У памежную тэрыторыю Беларусі ўвайшлі памежныя сельсаветы Верхнядзвінскага, Мёрскага і Браслаўскага раёнаў, гарады Верхнядзвінск, Мёры, Браслаў і пасёлак Відзы. З латвійскага боку - гарады Даўгаўпілс, Дагда, Краслава і Зілупе, а таксама шэраг памежных валасцей - Аглонскага, Дагдскага, Даўгаўпілскага, Зілупскага, Краслаўскага, Лудзенскага, Рэзекненскага і Ілукстскага краёў.