Лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне»: бескарысліва дапамагаць людзям – гэта радасць
Бескарысліва дапамагаць людзям – гэта радасць, прызнаўся ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар рэлігійнай місіі "Дабрачыннае каталіцкае таварыства "Карытас" Віцебскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Віталь Кульпекша. Сёння рашэннем кіраўніка дзяржавы па выніках 2012 года за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, захаванне і распаўсюджванне традыцый дабрачыннасці і міласэрнасці ў беларускім грамадстве яму прысуджана прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".
На думку лаўрэата прэміі, прыйшоў час адраджаць традыцыі дабрачыннасці ў беларускім грамадстве. "Матэрыяльныя і фінансавыя магчымасці для гэтага ёсць, неабходна толькі разбудзіць душу для добрых спраў", - упэўнены суразмоўца. Менавіта таму таварыства з 2010 года пачало развіваць валанцёрскі рух. Узрост валанцёраў, якія працуюць у арганізацыі, – ад 15 да 60 гадоў. "Моладзь прыходзіць у такія рухі, вучыцца тут спачуваць і дапамагаць, а значыць, грамадства будзе больш актыўна адгукацца на заклікі аб дабрачыннасці", - упэўнены Віталь Кульпекша.
Таварыства "Карытас" Віцебскай епархіі было створана 15 снежня 1999 года. У 2000 годзе яно зарэгістравана ў Дзяржаўным камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі. Пры фінансавай падтрымцы беларусаў і замежных партнёраў "Карытас" супрацоўнічае з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзіцячымі дамамі і прытулкамі, дамамі для састарэлых, установамі аховы здароўя і адукацыі, грамадскімі аб'яднаннямі, аказвае індывідуальную дапамогу тым, хто мае патрэбу.
Сярод прыярытэтных праектаў таварыства – дапамога інвалідам. У 2003 годзе ў Віцебску пры падтрымцы "Карытас" быў арганізаваны клуб Betel, які аб'яднаў маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што потым быў пераўтвораны ў Цэнтр дзённага знаходжання Betel. Ён дапамагае адаптаваць і інтэграваць гэтых маладых людзей у грамадства, наладзіць узаемасувязі паміж імі, іх сем'ямі і сябрамі. У цяперашні час цэнтр наведваюць больш за 40 чалавек.
У псіхіятрычных бальніцах і дамах-інтэрнатах для псіханеўралагічных хворых, у якіх знаходзяцца на лячэнні або пастаянна пражываюць людзі з парушэннямі псіхікі, рэалізуецца праект "Любоў да бліжняга". Без увагі "Карытас" не застаюцца малазабяспечаныя людзі, дзеці-сіроты, бяздомныя. У святочныя калядныя дні дабрачынная арганізацыя па традыцыі праводзіць акцыю "Падзяліся цяплом душы сваёй" і арганізуе збор цацак, кніг, канцылярскіх прылад для дзяцей з прытулкаў і інтэрнатаў.