Лаўрэатамі конкурсу «Найлепшы экспарцёр 2021 года» сталі 9 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці

Як адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, БелГПП з'яўляецца адным з асноўных механізмаў забеспячэння эфектыўнай работы прамысловага комплексу рэгіёна.

— Па сутнасці, гэта нефармальная дыпламатычная арганізацыя, якая дапамагае знайсці новыя кантакты, адкрываць новыя рынкі, у тым ліку беларускі рынак для замежных партнёраў. Няхай гэта не заўсёды бачная праца, але без яе немагчыма развіццё і нарошчванне экспарту, — падкрэсліў кіраўнік вобласці.
Па словах генеральнага дырэктара Віцебскага аддзялення БелГПП Наталлі Вараб'ёвай, для гэтага прадпрыемства арганізуе разнастайныя знешнеэканамічныя падзеі. Толькі за апошнія тры гады ў яго актыве каля 160 мерапрыемстваў рознага фармату і зместу, у тым ліку больш за 60 з іх праведзены ў рэжыме анлайн. За гэты час падпісана 9 пагадненняў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве з партнёрскімі арганізацыямі з іншых краін, што спрыяе пашырэнню магчымасцей садзейнічання развіццю экспартнага патэнцыялу айчынных вытворцаў. Рэагуючы на запыты бізнесу, які працуе ў няпростых знешнеэканамічных умовах, Віцебскае аддзяленне БелГПП аказвае вялікі спектр паслуг па 10 напрамках па прынцыпе аднаго акна.
Сёння на долю арганізацый-членаў Віцебскага аддзялення БелГПП прыпадае 84% гадавога аб'ёму прамысловай вытворчасці і 87% экспарту Віцебскай вобласці. За апошнія тры гады ў яе склад увайшлі больш за 50 арганізацый пераважна малога бізнесу.


Галоўнай задачай для БелГПП ва ўмовах, што склаліся, з'яўляецца аказанне дапамогі бізнесу ў выхадзе на новыя рынкі, падкрэсліў кіраўнік палаты Міхаіл Мятлікаў. Для гэтага плануюцца выставачныя мерапрыемствы з акцэнтам на краіны далёкай дугі, у тым ліку Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі. Таксама БелГПП запусціла новыя навучальныя праграмы, прызначаныя дапамагчы кампаніям асвойваць спецыфічныя замежныя рынкі.

Пад занавес удзельнікі пасяджэння выбралі дэлегатаў ад вобласці на XII з'езд БелГПП і ўшанавалі дыпламантаў рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы экспарцёр 2021 года», якімі сталі адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Нафтан», «Інвет», «Віцязь», «Віцебскія дываны», ТАА «КімаБел», УП «Птушкафабрыка Аршанская», ТАА «Мона Шарм». Два пераможцы конкурсу — ТАА «ПЭ Энергакомплект» і ААТ «Віцебскі МЭЗ» — атрымалі ўзнагароды ў Мінску.













