Лаўрэатаў абласной прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2023» ушанавалі ў Віцебску
– Ушанаванне ўладальнікаў звання «Чалавек года Віцебшчыны» стала ганаровай і прыгожай традыцыяй у рэгіёне. Ва ўсе часы добрасумленная праца, майстэрства і талент фарміруюць аўтарытэт чалавека. Сярод цяперашніх лаўрэатаў шмат людзей рабочых спецыяльнасцей – слесары, тынкоўшчыкі, муляры, ткачыхі, аператары, вадзіцелі, трактарысты, якія таксама важныя ў нашым грамадстве, як і ўрачы, настаўнікі, інжынеры, тэхнолагі, заатэхнікі, аграномы, – адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Кіраўнік вобласці таксама падкрэсліў сімвалічнасць цырымоніі, якая праходзіць у перыяд піку электаральнай кампаніі, калі ідзе перадвыбарчая агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў. Гэта найважнейшы этап у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы. Аляксандр Субоцін выказаў упэўненасць, што жыхары рэгіёну абяруць годных людзей, якія будуць адстойваць іх інтарэсы і ўмацоўваць прэстыж краіны.
Віцебшчына мае чым ганарыцца. Вобласць завяршыла 2023 год з станоўчай дынамікай у асноўных галінах эканомікі. Валавы рэгіянальны прадукт павялічыўся на 3 % да ўзроўню 2022-га. На развіццё вытворчай і сацыяльнай сферы накіравана 3,2 млрд рублёў інвестыцый, з іх больш за траціну – у прамысловасць. Важны ўклад у бюджэт вобласці ўносіць прадпрымальніцкі сектар, які фарміруе траціну паступленняў, забяспечвае больш за 40 % усёй выручкі.
У бягучым годзе вобласць захоўвае лідзіруючыя пазіцыі сярод рэгіёнаў рэспублікі па паказчыках экспарту (па экспарце тавараў займае першае месца, па экспарце паслуг – трэцяе). Знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляюцца са 115 краінамі. Мы асвойваем новыя рынкі. Так, віцебская прадукцыя пачала пастаўляцца ў Гану, Ганконг, Емен, Карэю, Мальту, Марока, Непал. У краіны «далёкай дугі» экспарт павялічыўся ў 2,7 раза.
Знакавай падзеяй для вобласці стане правядзенне XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі пад дэвізам «Навука – будучыня Саюзнай дзяржавы». Мерапрыемствы плануецца правесці ў Віцебску, Полацку, Наваполацку.
– Перад намі пастаўлены канкрэтныя задачы, для вырашэння якіх запатрабуюцца на кожным працоўным месцы і валоданне кампетэнцыямі, і ўменне прымаць узважанае рашэнне, і арганізатарская дысцыпліна. У фокусе ўвагі ўлады – якасць жыцця людзей. Яна залежыць ад многіх паказчыкаў. Сярод іх – аб'ёмы будаўніча-мантажных работ, увод знакавых сацыяльных аб'ектаў, – адзначыў Аляксандр Субоцін і назваў канкрэтныя прыклады, якія пацвярджаюць сацыяльную накіраванасць дзяржаўнай палітыкі.
Год міру і стваральнай працы спрыяў нараджэнню многіх ініцыятыў і атрыманню высокіх вынікаў у самых розных сферах. У лістападзе мінулага года Віцебскі аблвыканкам быў узнагароджаны спецыяльным дыпломам рэспубліканскага конкурсу «Лідэр энергаэфектыўнасці» за дасягненні ў галіне энергазберажэння. 2024-ы аб'яўлены Годам якасці. Якасць, як падкрэсліў кіраўнік вобласці, – гэта не толькі прамы паказчык канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і паслуг, але і сведчанне нашага патрыятызму.
Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні Аляксандр Субоцін звярнуў на захаванне памяці аб гераічным мінулым. У гэтым годзе адзначаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Умацоўваючы гістарычныя, духоўныя, культурныя традыцыі, мы задаём арыенціры будучага рэгіянальнага развіцця.
– Дасягненні кожнага з вас – гэта поспех і ўсёй вобласці, – звярнуўся да цяперашніх лаўрэатаў Аляксандр Субоцін. – Перакананы, толькі з адказным стаўленнем да працы можна дасягаць маштабных прарываў, вырашаць амбіцыйныя і смелыя задачы. Прыміце падзяку за добрасумленную, самаадданую працу, ініцыятыву і наватарства, адказную грамадзянскую пазіцыю. Няхай ваш прыклад служыць пуцяводнай зоркай для моладзі.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання на сцэну запрасілі старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанку, якому ўручылі Ганаровую грамату аблвыканкама і знак за заслугі ў развіцці Віцебскай вобласці. У адпаведнасці з сумесным рашэннем Віцебскага гарвыканкама і Прэзідыума Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў нашаму спікеру прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска». Гэта ацэнка шматгадовай плённай працы нашага земляка ў органах дзяржаўнага кіравання, высокага прафесіяналізму, значнага асабістага ўкладу ў дзяржаўнае будаўніцтва, сацыяльна-эканамічнае развіццё паўночнага рэгіёна і Віцебска.
– Я ўдзячны за такую высокую ацэнку маёй працы. Але гэта не асабіста мая заслуга, а ўсіх жыхароў вобласці, калектыўная праца Віцебскага гарвыканкама, Віцебскага аблвыканкама, – адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.
Пасля ўрачыстай часткі адбылося выступленне праслаўленага калектыву філармоніі – ансамбля танца, музыкі і песні «Талака», які на працягу трох дзесяцігоддзяў з'яўляецца ўзорам сапраўднай культуры Віцебшчыны, Беларусі ў цэлым.
Фота Пятра Чымкоўскага.