Лаўрэатаў абласной прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2024» ушанавалі ў Летнім амфітэатры

Лауреатов областной премии «Человек года Витебщины-2024» чествовали в Летнем амфитеатре
50 працаўнікоў, прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё рэгіёна, сталі ўладальнікамі прэстыжнай узнагароды.

- Сімвалічна, што ўрачыстасць праходзіць напярэдадні Свята працы, - адзначыў, прывітаўшы ўдзельнікаў мерапрыемства, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. - Бо менавіта праца – аснова дабрабыту і развіцця любога рэгіёна. Мы ўшаноўваем сёння выдатных людзей, чыя праца, талент і прафесіяналізм узбагачаюць Віцебскую вобласць, спрыяюць яе эканамічнаму, сацыяльнаму і культурнаму прагрэсу. Нашы лаўрэаты – гэта гонар Прыдзвінскага краю. Сярод іх – прадстаўнікі самых розных прафесій: урачы, настаўнікі, работнікі сельскай гаспадаркі і прамысловасці, лясной гаспадаркі, будаўніцтва, архітэктуры і ЖКГ, вайскоўцы і ратавальнікі, дзеячы навукі, культуры і спорту, ветэраны працы і моладзь. Кожны з іх уносіць свой унікальны ўклад у агульную скарбонку дасягненняў, дэманструючы высокі прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і шчырую любоў да роднага краю.

Кіраўнік абласной улады акцэнтаваў: эфектыўная праца Віцебскай вобласці не аднойчы ў мінулым годзе адзначалася на пасяджэннях Савета Міністраў, а па выніках 2024 года вобласць прызнана найбольш эфектыўна працуючай сярод рэгіёнаў рэспублікі.

Адзначыўшы дасягненні працаўнікоў Віцебшчыны ў розных галінах за мінулы Год якасці, Аляксандр Субоцін падкрэсліў:

– Ідзе маштабная падрыхтоўка да святкавання 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Ветэранам і пацярпелым ад наступстваў вайны з боку мясцовых органаў улады, дэпутацкага корпуса аказваецца ўсебаковая падтрымка і неабходная дапамога. У святочныя дні ва ўсіх раёнах вобласці запланавана больш за тры тысячы тэматычных мерапрыемстваў. 11 мая плануецца адкрыццё ў Віцебску плошчы Герба і Сцяга.

Аляксандр Субоцін падзякаваў лаўрэатаў абласной прэміі за самаадданую працу, любоў да роднага краю і выказаў упэўненасць, што ўсе планы і амбіцыйныя задачы могуць быць рэалізаваны дзякуючы агульным намаганням таленавітых і працавітых людзей.

Падчас цырымоніі спецыяльная прэмія была ўручана хакейнаму клубу “Віцебск”, які стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі сезона 2024/2025.

Пасля ўрачыстай часткі адбыўся святочны канцэрт.

Віцебскія весці