Лаўрэатаў ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны" ўшануюць 6 лютага
Лаўрэатаў ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны" будуць ушаноўваць 6 лютага, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім аблвыканкаме.
Урачыстае мерапрыемства пройдзе ў канцэртнай зале "Віцебск" абласнога цэнтра. Галоўнымі героямі дня стануць 100 удастоеных ганаровага звання жыхароў рэгіёна, якія прадстаўляюць розныя галіны народнай гаспадаркі: прамысловасць, ахову здароўя, аграпрамысловы комплекс, адукацыю, жыллёва-камунальную гаспадарку, сферы паслуг, культуры, сілавыя ведамствы, малы і сярэдні бізнес, энергетыку і інш.
Сярод узнагароджаных людзі, заслугі якіх здабылі глыбокую павагу не толькі ўнутры сваіх калектываў, але і далёка за межамі вобласці.
Чалавекам года стала і дырэктар навукова-даследчай і асветніцкай установы культуры "Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны запаведнік" Тамара Джумантаева. Пад яе кіраўніцтвам калектыў установы культуры дэманструе высокую выніковасць працы - у 2012 годзе запаведнік прызнаны лепшым рэгіянальным музеем Беларусі. У 2013 годзе ўстанова атрымала прэмію Віцебскага аблвыканкама "За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва" і была занесена на абласную Дошку гонару. У музейным комплексе створаны новыя экспазіцыі "Прагулка па Ніжне-Пакроўскай" і "Сценапісы ХІІ-ХІХ стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма", удасканалены экспазіцыі Прыродна-экалагічнага музея, Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.
Прысваенне ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны" праводзіцца ў вобласці з 2009 года з мэтай заахвочвання за заслугі ў садзейнічанні правядзенню і рэалізацыі сацыяльнай і эканамічнай палітыкі дзяржавы і органаў мясцовага кіравання, ажыццяўленню мер па забеспячэнні законнасці і правапарадку, за дасягненні ў галіне навукі, адукацыі і культуры, актыўнай грамадскай дзейнасці. Лепшыя людзі рэгіёна атрымліваюць дыпломы лаўрэатаў і грашовую прэмію. Акрамя таго, па традыцыі білборды з іх фотаздымкамі на працягу ўсяго года будуць упрыгожваць населеныя пункты вобласці.
Алена Ціханава