Лаўрэатаў звання "Чалавек года Віцебшчыны" будуць вызначаць у пяці намінацыях

Лаўрэаты ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» з 2017 года будуць вызначацца ў 5 намінацыях замест раней устаноўленых 20. Удвая скарочана колькасць пераможцаў: узнагароды атрымаюць 50 прадстаўнікоў розных прафесій і сфер дзейнасці. Гэта прадугледжана новай інструкцыяй аб парадку правядзення абласнога конкурсу па прысваенні ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны», зацверджанай рашэннем Віцебскага аблвыканкама ад 5 кастрычніка 2017 г. № 614.

Нягледзячы на тое, што дакументам аптымізавана колькасць намінацый, кандыдатаў на прысваенне ганаровага звання, як і раней, будуць вызначаць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Ад сённяшні дня прафесійныя заслугі лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў, арганізацый, устаноў з усіх рэгіёнаў вобласці адзначаць у наступных катэгорыях: 

  • «Прамысловасць, гандаль і паслугі, фінансавая дзейнасць, малы і сярэдні бізнес»,
  •  «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка», 
  • «Жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, будаўніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, сувязь, транспарт і камунікацыі», 
  • «Сацыяльная сфера (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, спорт, ахова здароўя, моладзь)», 
  • «Забеспячэнне законнасці і правапарадку, папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх арганізацый».

Сярод асноўных крытэрыяў прысваення ганаровага звання – значнасць, актуальнасць, эфектыўнасць вынікаў дзейнасці, вытворчыя паказчыкі, прафесійныя і дзелавыя якасці кандыдатаў. Акрамя гэтага, пры падборы прэтэндэнтаў абавязкова ўлічваюцца даныя аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, аб адсутнасці альбо наяўнасці судзімасці.

Кандыдаты на перамогу вызначаюцца па выніках працы на працягу года. Дакументы на іх вылучэнне прымаюцца ў гаррайвыканкамах па тэрытарыяльным прынцыпе да 1 студзеня года, папярэдняга прысваенню звання. У далейшым удзельнікі пройдуць

праз адборнае «сіта», у выніку чаго вызначацца пераможцы. Ім будзе прысвоена ганаровае званне з уручэннем спецыяльнага дыплома і выплатай грашовай узнагароды. 

Дарэчы, конкурс праводзіцца штогод з 2009 года з мэтай стымулявання творчай працы, прапаганды інавацыйных ідэй, перадавога досведу. Ён прызваны падкрэсліць каштоўнасць заслуг і дасягненняў жыхароў вобласці і іх уклад у агульную справу развіцця рэгіёна. За ўсю гісторыю  ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» ўдастоены 900 чалавек. Прысвойваецца, як правіла, толькі аднойчы, але апраўдваюць яго лаўрэаты з дня ў дзень.

Імёны чарговых лепшых прадстаўнікоў Прыдзвіння назавуць у пачатку 2018-га. Па традыцыі білборды з іх фотаздымкамі на працягу года будуць упрыгожваць населеныя пункты Віцебшчыны.

Уся падрабязная інфармацыя аб конкурсе размешчана на афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкама у раздзеле «Конкурсы».

Вольга БУЛАВКА,
галоўны спецыяліст 
галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, 
культуры і па справах моладзі 
Віцебскага аблвыканкама.