Лаўрэаты конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў выступяць на гала-канцэрце майстроў мастацтваў Украіны
16 ліпеня, Віцебск /Аляксандр Сам - БЕЛТА/. Лаўрэаты конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў выступяць на гала-канцэрце майстроў мастацтваў Украіны, які пройдзе сёння на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню культуры Украіны на "Славянскім базары ў Віцебску", паведаміў народны артыст Украіны, рэжысёр-пастаноўшчык гала-канцэрта Анатоль Салаўяненка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Анатоль Салаўяненка, які трэці год запар удзельнічае ў фестывалі, адзначыў, што сёлета ўкраінскія майстры падрыхтавалі цікавую праграму, у якой будуць прадстаўлены маладыя ўкраінскія выканаўцы, што з поспехам удзельнічаюць у міжнародных конкурсах, - Іван Беразоўскі, Таццяна Шырка. Разам з імі на сцэну выйдуць лаўрэаты конкурсу выканаўцаў эстраднай песні ў Віцебску - украінцы Уладзімір Квасніца, Васіль Лявіцкі, Іна Варонава і Наталля Ваלאўская. "Думаю, што канцэрт будзе цікавы для прыхільнікаў фестывалю, якія змогуць ацаніць майстэрства выканаўцаў, і стане своеасаблівым экзаменам для артыстаў, якія, вярнуўшыся зноў на сцэну Летняга амфітэатра, павінны прадэманстраваць свае дасягненні і прафесійны рост", - сказаў Анатоль Салаўяненка.
Акрамя таго, у гала-канцэрце прымуць удзел трое выдатных майстроў украінскага мастацтва - каралева ўкраінскага раманса Ірына Сказіна, мэтр класічнай музыкі Уладзімір Грышко і спявачка і кампазітар Ірына Білык.
Уладзімір Грышко, які ўдзельнічаў у сустрэчы з журналістамі, растлумачыў, што сёння гледачы канцэрта ўбачаць "другога Грышко", які заспявае эстрадныя песні, а не оперныя кампазіцыі. Выконваць эстрадныя песні Уладзімір Грышко пачаў па парадзе свайго настаўніка - Лучана Павароці.
"Украінскім майстрам мастацтваў вялікі гонар выступіць на фестывалі. Спадзяюся, што госці канцэрта атрымаюць вялікую асалоду ад іх выступлення", - адзначыла намеснік міністра культуры Украіны Аляксандра Губіна.-0-