Лячэбны корпус Віцебскай абласной інфекцыйнай бальніцы адкрыўся пасля мадэрнізацыі
Урачыстае адкрыццё пасля мадэрнізацыі лячэбнага корпуса абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы адбылося ў Віцебску.
"Дадзены корпус, вядома, важны для Віцебскай вобласці. Гэта магутны рэсурс, на базе якога развіваецца вывучэнне і прафілактыка інфекцыйных захворванняў, - адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч. - Мы прынялі нядаўна сістэмны нарматыўны дакумент па антыбіётыкарэзістэнтнасці. У яго аснове шмат у чым ляжыць развіццё медыцынскай навукі ў Віцебскім рэгіёне, і асабліва - кластарнага падыходу пры вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў. У выпуск айчынных лекавых прэпаратаў гэты корпус таксама ўнясе свой уклад".
Мадэрнізацыя лячэбнага корпуса №1 інфекцыйнай бальніцы пачалася ў 2011 годзе і была ўключана ў абласную інвестыцыйную праграму. Асвоена больш за Br50 млрд са сродкаў абласнога бюджэту, з іх на будаўніча-мантажныя работы - звыш Br32 млрд. Заказчыкам работ выступіў УКБ аблвыканкама, падрадчыкам - вытворча-будаўнічае камерцыйнае прадпрыемства "Белімпекс". "У гэтай бальніцы мы маем усе магчымасці для аказання дапамогі па асабліва небяспечных інфекцыях, пацыентам з рознымі відамі захворванняў. Ідзе глабалізацыя, людзі перамяшчаюцца, літаральна год таму разглядалася верагоднасць завозу да нас ліхаманкі Эбола. Таму такія лячэбныя рэсурсы патрэбны. На дадзены момант у вобласці дастатковая колькасць ложкаў. У раёнах ёсць нават лішнія, але на выпадак эпідэміі яны павінны быць разгорнуты", - растлумачыў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач. Пры гэтым ён дадаў, што дзякуючы высокай ступені імунізацыі насельніцтва ўжо больш за чатыры гады ў рэгіёне не назіраецца эпідэміі грыпу, толькі эпізадычныя выпадкі. У гэтым сезоне эпідэмічны парог таксама не перавышаны.
Абноўлены лячэбны корпус разлічаны на 79 ложкаў. На чатырох паверхах размесцяцца прыёмнае, баксіраванае, дзіцячае рэспіраторнае аддзяленні, аддзяленні кішачных інфекцый для дзяцей і дарослых, а таксама высокатэхналагічная ПЦР-лабараторыя. Забяспечана магчымасць весці ізаляваны прыём пацыентаў з рознай інфекцыйнай паталогіяй: тры прыёмна-аглядныя боксы, санітарны прапускнік, санузел, тамбур для чакання прыёму ўрача. Абсталяваны дзевяць боксаў з асобнымі ўваходамі. На гэтым мадэрнізацыя ўстановы аховы здароўя не завершыцца: наступным этапам стане рэнавацыя другога корпуса.
У 2015 годзе ў вобласці ўведзена ў строй 34 аб'екты аховы здароўя, затрачана Br120 млрд, яшчэ на суму Br170 млрд набыта медыцынскае абсталяванне. Працягвалася ўкараненне ў практыку новых відаў медыцынскай дапамогі з выкарыстаннем складаных і ўнікальных тэхналогій. "У цяперашні час урачы рэгіёну маюць усё неабходнае для аказання медыцынскай дапамогі, выканання ўсіх стандартаў, зніжэння смяротнасці і паляпшэння якасці абслугоўвання насельніцтва", - адзначыў Юрый Дзеркач. Інфекцыйная бальніца ў Віцебску была заснавана ў 1917 годзе. Да пачатку новага стагоддзя ператварылася ў шматпрофільны і спецыялізаваны цэнтр па ўсіх інфекцыйных захворваннях. Бальніца з'яўляецца навучальнай базай для Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У 2004 годзе адкрыты кансультатыўна-дыспансерны кабінет, які аказвае высокакваліфікаваную лячэбную і кансультатыўную дапамогу ВІЧ-інфікаваным і хворым на СНІД, а таксама ажыццяўляе ўлік і дыспансернае назіранне за гэтай групай хворых. УАЗ "ВАКІБ" штогод лечыць каля 9 тыс. пацыентаў, з іх палова - дзеці.
Кацярына Князева, БЕЛТА.