Лячэнне ствалавымі клеткамі прымяняюць у Віцебскай гарадской цэнтральнай бальніцы
Штогод на 55 ложках тут праходзяць лячэнне амаль 2 тысячы чалавек, экстранныя пацыенты паступаюць сюды з усёй вобласці.
Хірург Ігар Буянаў вядомы далёка за межамі вобласці, у тым ліку дзякуючы сваім напрацоўкам
Загадчык аддзялення хірург вышэйшай катэгорыі Ігар Буянаў вядомы далёка за межамі вобласці менавіта прымяненнем новых малотравматычных тэхналогій, прычым некаторыя з іх – яго асабістыя напрацоўкі.
Ігар Валер'евіч скончыў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, Маскоўскую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі, з'яўляецца членам асацыяцыі калапрактолагаў Расіі, атэставаны на права працаваць па спецыяльнасці ў любой лячэбнай установе СНД. Шмат што з таго, што прымяняе віцебскі ўрач, у сусветнай медыцыне лічыцца перадавым.
– Пры агульнапракталагічных умяшаннях (выдаленні гемараідальных вузлоў, расколін, паліпаў прамой кішкі і т. п.) прымяняем метад пнеўмадэвульсіі, – распавядае хірург. – Апарат зрабілі сваімі рукамі. Пасляаперацыйны перыяд праходзіць без болю, пацыенту не патрэбныя ін'екцыйныя анальгетыкі, раны гояцца хутчэй. Тэхналогію падгледзеў у маскоўскай клініцы. Таксама штогод робім дзясяткі высокатэхналагічных аперацый на прамой кішцы з прымяненнем поліпрапіленавай сеткі. Хірург мадэлюе форму сеткі, улічваючы індывідуальныя асаблівасці анатоміі чалавека, у выніку адпадае неабходнасць купляць дарагі набор (ад 600 да 1000 даляраў) для правядзення такога лячэння. Аперацыя праводзіцца бясплатна.
Па перадавых методыках выконваюцца аперацыі пры каластоме, энтэрастамах, ускладненых стомах. Толькі ў практалагічным аддзяленні Віцебска і ў Мінску робяцца унікальныя аперацыі з фарміраваннем тонкакішачных рэзервуараў у хворых з раней выдаленай тоўстай кішкай.
– Мы аказваем медыцынскую дапамогу вельмі шырокаму колу хворых, – адзначае Ігар Буянаў. – У прыватнасці, па нашай методыцы ўстраняем такія ўскладненні каластомы, як звужэнне, выпадзенне, правальванне. Без шырокага ўмяшання ў брушную поласць пад агульным наркозам. Праводзім радыкальныя аперацыі пры запушчаным гемароі па метадзе італьянскага прафесара Лонга: прыбіраюцца ўсе вузлы і адначасова яшчэ адна паталогія – рэктацэле. Асвоілі малаінвазіўныя аперацыі, пры якіх выкарыстоўваецца мінімум хірургічных інструментаў, а хворыя знаходзяцца ў стацыянары толькі дзень-два.
– Акрамя таго, мы сур'ёзна займаемся эстэтычнай практалогіяй, – адзначае загадчык аддзялення. – Зразумець людзей, а за такой дапамогай, як правіла, звяртаюцца маладыя жанчыны і мужчыны, можна: поліпы і іншыя наватворы, няхай нават не нясуць смяротнай небяспекі, выклікаюць дыскамфорт, спараджаюць комплексы. Дапамагаем бясплатна, займае гэта толькі дзень.
Сярод апошніх інавацый – лячэнне ствалавымі клеткамі, а дакладней, клеткамі касцявога мозгу
Тэхналогія эфектыўная для людзей з ускладненымі захворваннямі крывяносных сасудаў, гангрэнамі, трафічнымі язвамі, атэрасклерозам, ранамі, што дрэнна загойваюцца. У практалагічным аддзяленні ёсць ложкі для такіх пацыентаў.
У гэтым напрамку ўрачы аддзялення працуюць рука аб руку з вучонымі кафедры шпітальнай хірургіі Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта (з бальніцай супрацоўнічаюць дацэнты Андрэй Каваленка, Сяргей Федзянін).
– У самым простым выглядзе методыка заключаецца ў абкалованні паражаных участкаў уласнымі клеткамі касцявога мозгу пацыента, – тлумачыць дацэнт кафедры шпітальнай хірургіі БДМУ, адзін з распрацоўшчыкаў інавацыйных аперацый Сяргей Федзянін. – Гэта спрыяе росту новых крывяносных сасудаў і хутчэйшаму залячэнню шырокіх ран. Па новай тэхналогіі мы працуем тры гады, зроблена больш за 120 аперацый і, як паказваюць даследаванні, у 90% выпадкаў нам удаецца выратаваць людзей ад інваліднасці – гангрэны і ампутацыі. Цяпер на кафедры рыхтуецца кандыдацкая дысертацыя па гэтай тэме.
Загадчык практалагічным аддзяленнем Ігар Буянаў: Сляпое следаванне за рэкламай забівае
– На жаль, апошнім часам хваробы нашага профілю моцна памаладзелі, – кажа хірург. – Напрыклад, рак тоўстай кішкі цяпер у лідарах сярод анкалагічных захворванняў, нямала яго дыягнастуюць у 30-гадовых пацыентаў. Прагноз у запушчаных выпадках сумны, ды і з-за стомы пагаршаецца якасць жыцця. Праблема ў тым, што нямала людзей, саромеючыся зусім натуральных хвароб накшталт гемарою, трапляюць да нас у вельмі цяжкім стане. У чалавека пастаянна баліць жывот, парушана страваванне, а ён заглушае сімптомы абязбольвальнымі, якія рэкламуюцца па тэлебачанні.
Хірург Ігар Буянаў рэкамендуе:
- Пры пастаянных завалах, паносах, болях і ўздуцці жывата, вылучэннях крыві, слізі неадкладна ідзіце да ўрача. Гэта трывожныя званкі і нагода звярнуцца да спецыялістаў.
- Для прафілактыкі практалагічных захворванняў
менш ешце вострай і духмянай ежы.
- Пры абвастрэннях не піце каву і алкаголь, толькі чай.
- Узыходзячы душ – самая эфектыўная гігіенічная працэдура.
- Не злоўжывайце вільготнымі сурвэткамі:
для іх араматызацыі выкарыстоўваюць хімічныя злучэнні.
- Здаровы лад жыцця – выдатная прафілактыка гемарою і іншых захворванняў.