Легендарны «Несцерка» і рамантычныя прэм’еры. Тэатр Коласа адкрывае сезон

Легендарнай камедыяй «Нясцерка» Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрыў у мінулую суботу свой 92-і сезон. Чым ён парадуе аматараў Мельпамены і Таліі? Пра гэта ішла размова на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пачатку новага тэатральнага года.

Своеасаблівай уверцюрай яго сталі гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Мінчане паказалі ў Віцебску два спектаклі па п'есах італьянскіх драматургаў – «Viva Commedia!» Піпа і «Карчмарка» Гальдоні, чым вельмі парадавалі тэатралаў, якія засумавалі за летнія канікулы па акцёрскай ігры. Цяпер наступіла чарга коласаўцаў, якія падрыхтавалі для сваіх прыхільнікаў некалькі прэм'ер.

Так, ужо ў гэтым месяцы гледачы ўбачаць новую працу расійскага рэжысёра, вядомага ў Віцебску як аўтар некалькіх папулярных спектакляў, пастаўленых на коласаўскай сцэне, Юрыя Пахомава – «Дарослыя дзеці» паводле твора амерыканскага драматурга і сцэнарыста Леанарда Герша. Адрасавана яна моладзі, якая ў апошні час усё больш прыоб'ядаецца да тэатральнага мастацтва.

Таксама ў вераснёўскай афішы прэм'ера рамантычнай камедыі па п'есе сучаснага беларускага драматурга Сяргея Гіргеля «Самая жаданая». Пастаноўшчык Ніна Абухава на адну з галоўных роляў запрасіла народнага артыста Беларусі Тадэуша Кокштыса. Гэтае імя, як і творчасць актрысы, якая нядаўна атрымала рэжысёрскую адукацыю ў Акадэміі мастацтваў, несумненна, прыцягне ўвагу гледачоў.

На пачатку тэатральнага года адбудзецца бенефіс заслужанай артысткі Беларусі Таццяны Ліхачовай, якая ў свой дзень нараджэння, 24 верасня, сыграе галоўную ролю ў спектаклі «Дзіўная місіс Сэвідж». А 27-га вядучы майстар сцэны Юрый Цвірко запрашае ўсіх на 50-годдзе, дзе паўстане перад сваімі прыхільнікамі ў вобразе Жывоты Цвіёвіча з камедыі Нушыча «Доктар філасофіі».

Завершыцца верасень яшчэ аднымі гастролямі – мінскі тэатральны праект Comеdy-Art прадставіць камедыі па п'есах беларускага драматурга Анатоля Дзялендзіка «Жанчына як сродак зносін» і «Палюбоўніца майго мужа».

А коласаўцы з дзіцячай п'есай «Тр’ям! Вітаю!» адправяцца ў беларускую сталіцу на фестываль «Казкі джэм». У кастрычніку віцебская пастаноўка «Шагал... Шагал ...» возьме ўдзел у Міжнародным тэатральным фестывалі ў Ліпецку. У гэтым жа месяцы адбудуцца абменныя гастролі з Беларускім тэатрам юнага гледача і Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы.

Рэпертуар Коласаўскага тэатра папоўніцца ў 2017-м пастаноўкамі па п'есах Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» і Горкага «Апошнія». Іх будзе ставіць рэжысёр Міхаіл Краснабаеў, які таксама збіраецца прапанаваць новую версію спектакля, што ішоў калісьці на віцебскай сцэне, – «Сымон-музыка». Больш за тое, дадзенае твор Якуба Коласа прэтэндуе стаць візітнай карткай тэатра, які носіць імя гэтага класіка. Маладых гледачоў чакае сустрэча з казкай Радары «Прыгоды Чыпаліна».

З апошніх навін: у тэатры чакаюць прыезду міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, які, магчыма, назаве імя новага мастацкага кіраўніка калектыву. Пакуль, пасля таго як тэатр пакінуў Валерый Анісенка, яго абавязкі выконвае Міхаіл Краснабаеў.

Таццяна Пастэрнак. Фота Наталлі РЫЖКОВАЙ, з архіва «Віцебскіх вестак».