Лён стане галоўным героем кастрычніцкага інвестыцыйнага форуму ў Віцебскай вобласці
11 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Лён стане галоўным героем кастрычніцкага інвестыцыйнага форуму, які пройдзе ў Віцебскай вобласці 15-16 кастрычніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны.
Арганізатар інвестфоруму Віцебскі аблвыканкам сумесна з Аршанскім льнокамбінатам і швейнымі прадпрыемствамі рыхтуе для ўдзельнікаў і гасцей форуму выставу-кірмаш-шоу "Віцебскі лён". Тут будуць экспанавацца калекцыі вырабаў з ільняных тканін, прадэманстраваны сучасныя тэхналогіі вытворчасці і перапрацоўкі лёну, пашыву вырабаў.
На разгляд бізнесменаў будуць таксама прадстаўлены прапановы прадпрыемстваў вобласці, накіраваныя на стварэнне новых працоўных месцаў і прадпрыемстваў у малых гарадах рэгіёну і на вёсцы. Значная частка праектаў прадугледжвае выпуск імпартазамяшчальнай і інавацыйнай прадукцыі, выкарыстанне другасных і мясцовых рэсурсаў, аднаўляльных крыніц энергіі, развіццё інфраструктуры турызму і адпачынку, прыдарожнага сэрвісу.
Акрамя выставы і прэзентацыі інвестпрапаноў бізнесмены змогуць азнаёміцца з прадпрыемствамі рэгіёну, убачыць пляцоўкі, прызначаныя для рэалізацыі дзелавых прапаноў.
У бягучым годзе ў вобласці ўжо прайшлі два інвестыцыйныя форумы - у сакавіку і ліпені. На іх былі прадстаўлены найбольш значныя для рэгіёну праекты, заключаны дагаворы на агульную суму больш за $350 млн.-0-