Леанід Анфімаў: у адукацыю дзяцей укладваецца 17% бюджэту Беларусі
Леанід Анфімаў прызнаўся, што адчувае не меншае хваляванне, чым школьнікі, іх бацькі, педагогі. "Па духу сельская школа мне бліжэй. І ўдзел у мерапрыемствах, якія тут праходзяць, мне важны. Гэта выклікае кранальныя пачуцці. Дзень ведаў – усенароднае свята, да якога так ці інакш датычны кожны беларус, – адзначыў кіраўнік кантрольнага ведамства. – Да таго ж, яшчэ раз пераконваюся, што дзяржава ўкладвае вялікія грошы не дарма, а каб дзеці выйшлі са сцен навучальных устаноў патрыётамі, годнымі грамадзянамі сваёй краіны. І нам, дзяржаўным людзям, зусім не абыякава, якая змена прыйдзе ў будучыні. У нас 17% дзяржаўнага кансалідаванага бюджэту ідзе на выдаткі па адукацыі. Удумайцеся толькі – гэта самая вялікая лічба ў расходнай частцы дзяржбюджэту. Фактычна, дзеці – самыя багатыя людзі ў краіне. У грашовым вымярэнні гэта прыкладна Br6 млрд, амаль палова з іх ідзе на агульную сярэднюю адукацыю. Але за гэтымі лічбамі – наша будучыня".
Сёлета ўстанова ў Дунілавічах гасцінна сустракае 108 вучняў, у тым ліку 11 першакласнікаў і 15 выхаванцаў дзіцячага сада. Цікава, што ўсе яны, як і папярэднія пакаленні дунілавіцкіх школьнікаў, навучаюцца на беларускай мове. І паказваюць выдатныя вынікі (даказваючы тым самым і талент педагогаў) на раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах.
Напрыклад, адзінаццацікласнік Дзмітрый Собаль летась прадстаўляў сваю даследчую працу па геаграфіі на раённым конкурсе, хоць наогул з усіх прадметаў вылучае матэматыку і фізіку. Хлопец пасля 9-га класа перавёўся ў дунілавіцкую школу і ездзіць са сваёй вёскі Юнькі за 24 км. "Проста тут з дзясятага класа навучаюць ваджэнню - гэта ўнікальная магчымасць адразу па трох катэгорыях падрыхтавацца яшчэ ў школе. І мне пашанцавала з класам - хутка знайшоў сяброў. Таму рады зноў з імі сустрэцца. Ды і настаўнікі выдатныя: кожны стараецца па-свойму прадмет падаць, каб цікава было", - пералічыў плюсы сваёй школы Дзіма.
А яшчэ клопатамі дарослых тут раскрываюцца творчыя, асобасныя, тэхнічныя, спартыўныя таленты дзяцей. Настаўнікаў, як слушна заўважыў Леанід Анфімаў, можна параўнаць са скульпатарамі дзіцячых душ. Але і бацькі, усё грамадства ў адказе за тое, ці атрымаецца кожнай маленькай каштоўнасці даць годную агранку.
Малышы пакуль не ведаюць, якія сур'ёзныя рашэнні ім давядзецца прымаць па меры сталення. Цяпер яны проста рады сустрэчы адзін з адным, і не ўсе гараць жаданнем сесці за парты. "Я вось зусім вучыцца не хачу, - выпаліў наваспечаны другакласнік Даніла. - Хоць, фізкультуру люблю". "І я таксама", - падхопліваюць хлапчукі з ім ў адным шэрагу. "А я - пісьмо", "А я - матэматыку", "А мне абеды падабаюцца" - чуецца з розных бакоў.
Для ўсебаковага развіцця ў школе ёсць спецыялізаваныя кабінеты, навучальныя майстэрні і прышкольны вучэбна-доследны ўчастак, спартыўная зала, стадыён і трэнажорны комплекс. Пазнаёміўшыся бліжэй з базай школы, педагогамі, Леанід Анфімаў сказаў: "Столькі сіл і сродкаў укладзена ў арганізацыю адукацыйнага працэсу, што толькі вучыся", - заключыў ён. І каб дзеці не праводзілі ўвесь час за камп'ютарамі, КДК падарыў установе некалькі набораў шахмат.
Па выніках 2014 года школа стала пераможцам раённага спаборніцтва сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. За апошнія пяць гадоў палова выпускнікоў паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, 24% - у сярэднія спецыяльныя, 25% - у прафесійна-тэхнічныя.
"Гэта асаблівы дзень, у першую чаргу для першакласнікаў. Вы ўступаеце ў свет ведаў, якія зробяць вас мудрэйшымі, мацнейшымі. Няхай гэтая дарога будзе займальнай", - напутствоваў дзяцей дырэктар школы, заслужаны настаўнік Беларусі, "Чалавек года Пастаўшчыны" Васіль Бульбенаў.
Беласнежныя банты і блузкі, гальштукі-матылькі, велізарныя букеты настаўнікам - першакласнікі чытаюць вершы і зачаравана сочаць, як іх равесніца Паліна Таяновіч у пары з будучым выпускніком Дзімам Собалем дае для ўсіх першы званок. А затым яны ідуць за сваім першым у жыцці настаўнікам у вучэбныя класы - на ўрок "Займай Беларусь, маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі".