Леанід Анфімаў: вывядзенне Аршанскага раёна на якасна новы ўзровень – стратэгічная мэта
Падняць Аршанскі раён на якасна новы ўзровень - стратэгічная мэта. Пра гэта сёння заявіў журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў.
"Адна з актуальных задач - выкананне даручэнняў Прэзідэнта, якія былі дадзены ў ходзе рабочых паездак у Аршанскі раён. Галоўная роля тут адводзіцца Адміністрацыі Прэзідэнта, Кіраўніку справамі Прэзідэнта і Камітэту дзяржаўнага кантролю, - сказаў Леанід Анфімаў. - Пастаўлена стратэгічная мэта - развіццё рэгіёну, вывад яго на якасна новы ўзровень".
Сёння ў камітэце разглядаюцца вынікі работы ведамства за першае паўгоддзе, вызначаюцца задачы на другое. Гэта кантроль за выкананнем рэспубліканскіх і мясцовых бюджэтаў, выкарыстаннем дзяржмаёмасці, рэалізацыяй найважнейшых інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, ходам мадэрнізацыі прадпрыемстваў, выкананнем заканадаўства ў сферы дзяржзакупак і гэтак далей.
"Патрэбен дэтальны кантроль і аналіз расходавання значных бюджэтных сродкаў, якія выдзяляюцца на капітальныя рамонты і будаўніцтва, закупку абсталявання, інвестыцыйную дзейнасць, - падкрэсліў Леанід Анфімаў. - Напрыклад, суб'ект гаспадарання працуе з бюджэтнымі грашыма, асвойвае іх у поўным аб'ёме, і парушэнняў пры гэтым няма. Але самае важнае - дасягнута мэта, на якую выдзяляліся сродкі, наколькі прадпрыемства эфектыўна працуе пасля рэалізацыі інвестыцыйнага праекта".
На другое паўгоддзе запланаваны аналіз выкарыстання сродкаў, выдзеленых на арганізацыю дзіцячага аздараўлення, эфектыўнасці работы суб'ектаў тавараправодзячай сеткі беларускіх прадпрыемстваў за мяжой, аўдыт эфектыўнасці работы ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа".
Будзе праведзены аналіз выканання даручэнняў Прэзідэнта па ўкараненні на 10 прадпрыемствах краіны перадавых практык карпаратыўнага кіравання.