Леанід Пянькоўскі прызначаны старшынёй Аршанскага райвыканкама
На парадак дня сесіі было вынесена адно пытанне — аб зацвярджэнні на пасаду старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта. Распараджэннем старшыні аблвыканкама М. Шарстнёва па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам ім прызначаны Леанід Пянькоўскі.
Наталля Качанава паведаміла, што Леанід Пянькоўскі — чалавек не новы для Аршанскага рэгіёну. Менавіта тут ён пачынаў сваю працоўную дзейнасць.
Наталля Іванаўна падкрэсліла, што Аршаншчына — важны рэгіён краіны. Пра гэта ў сваім Пасланні беларускаму народу гаварыў кіраўнік дзяржавы. Яго развіццю неабходна надаць новы імпульс. Але ў адзіночку гэтага зрабіць немагчыма, таму ўсім неабходна аб'яднаць свае намаганні для выканання задач, пазначаных Прэзідэнтам краіны. А яны, перш за ўсё, звязаны з завяршэннем веснавых палявых работ, занятасцю насельніцтва, ростам заработнай платы, стрымліваннем цэн і гэтак далей.
Адкрытым галасаваннем дэпутаты аднагалосна зацвердзілі Леаніда Пянькоўскага на пасаду старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта. Мікалай Шарстнёў уручыў Леаніду Канстанцінавічу пасведчанне кіраўніка раёна.
Старшыня Аршанскага райвыканкама Леанід Пянькоўскі падзякаваў за аказаны яму давер і запэўніў, што ўсе намаганні спецыялістаў, работнікаў, жыхароў рэгіёну будуць накіраваны на вырашэнне пастаўленых Прэзідэнтам задач.
— Орша — асаблівы рэгіён. Перш за ўсё, я стаўлю перад сабой задачу па развіцці прамысловага сектара, які як лакаматыў пацягне за сабой
сацыяльную сферу. Таксама дадаткова трэба адкрываць новыя прадпрыемствы і вытворчасці, — падзяліўся планамі на бліжэйшую перспектыву старшыня Аршанскага райвыканкама.Напрыканцы выступіў Мікалай Шарстнёў. Ён акцэнтаваў увагу на асноўных прыярытэтах у далейшым развіцці раёна. Перш за ўсё, гэта занятасць насельніцтва, заработная плата, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, развіццё сацыяльнай сферы — складнікі паспяховага жыцця рэгіёна.
Старшыня аблвыканкама яшчэ раз нагадаў, што Орша — гэта жытніца вобласці, аграрны рэгіён. Тут плануецца пабудаваць рэпрадуктары для маткавага пагалоўя свіней, сучасныя МТФ і даць поўную загрузку малочнаму камбінату.
Новаму кіраўніку раёна Мікалай Шарстнёў пажадаў поспехаў, цвёрдай волі і веры ў заўтрашні дзень. А таксама яшчэ раз падкрэсліў, што вялікі патэнцыял Аршанскага рэгіёна неабходна задзейнічаць у поўнай меры.
Анастасія Турок. Фота аўтара. "Аршанская газета".