Лепель сустракае 65-годдзе Перамогі з вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»
9 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Вымпел "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны" і ганаровая грамата ўручаны сёння гораду Лепель (Віцебская вобласць), расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Лепельскага райвыканкама Ігар Урбан.
Урачыстая цырымонія прайшла з удзелам ветэранаў, грамадскасці, кіраўнікоў раёна і вобласці. "Уручэнне вымпела - гэта яшчэ адно прызнанне заслуг нашых ветэранаў, якія выкавалі Перамогу, і напамін маладому пакаленню пра подзвіг іх дзядоў і прадзедаў", - адзначыў Ігар Урбан.
У гады вайны Лепельшчына стала партызанскім краем. У горадзе і раёне дзейнічалі больш за 30 падпольных груп. У баявы летапіс лепельскіх партызан упісана нямала баявых аперацый, сярод якіх асаблівае месца займае разгром буйных фашысцкіх гарнізонаў у тыле нямецкай 3-й танкавай арміі ў 1943 годзе. Партызаны правялі цяжкія баі за Лепель, Чашнікі, вёску Бачэйкава і пашырылі партызанскую зону. Яны здолелі поўнасцю разграміць 12 умацаваных гарнізонаў праціўніка. Не засталіся ўбаку ад гэтай аперацыі і мірныя жыхары. Яны капалі процітанкавыя равы, рабілі загароды на дарогах. Вопыт, набыты партызанамі падчас Лепельскай аперацыі, стратэгія і тактыка барацьбы былі выкарыстаны ў цяжкія дні абароны Полацка-Лепельскай партызанскай зоны вясной 1944 года.
За свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы склалі галовы больш за 5 тыс. партызан, падпольшчыкаў, мірных жыхароў.
Указам Прэзідэнта Беларусі ад 19 красавіка 2010 года №189 тры населеныя пункты Віцебскай вобласці (горад Лепель і пасёлкі Росаны і Сураж) узнагароджаны вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны" і ганаровай граматай. У год 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вымпел і грамата былі ўручаны Віцебску, Полацку, Оршы, Бегамлю, Ушачам.-0-