Лепельскія доўгажыхары атрымліваюць да пенсіі штомесячную даплату за кошт мясцовага бюджэту

7 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Лепельскія доўгажыхары, якія перасягнулі 100-гадовы рубеж, атрымліваюць даплату да пенсіі за кошт мясцовага бюджэту, расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Лепельскага райвыканкама Васіль Рававы. Рашэннем раённага Савета дэпутатаў кожны доўгажыхар атрымлівае штомесячную надбавку ў памеры Br175 тыс. (пяць базавых велічынь). У цяперашні час у раёне два паважаных атрымальніка даплаты. Аднак ужо ў наступным годзе гэты спіс падвоіцца, упэўнены Васіль Рававы: два 99-гадовых лепяльчане рыхтуюцца сустрэць векавы юбілей. Як адзначыў Васіль Рававы, клопат пра пажылых людзей з'яўляецца важнай, але не адзінай задачай па вырашэнні дэмаграфічнай праблемы раёна. Каля 95% прадпрыемстваў і арганізацый раёна ўключылі ў свае калектыўныя дагаворы пункты аб матэрыяльнай падтрымцы сем'яў пры нараджэнні дзяцей. Камплекты для нованароджаных, каляскі, пасцельныя прыналежнасці - мінімальныя падарункі, якія атрымліваюць бацькі нованароджаных. Не забываюць вытворцы і пра сваіх ветэранаў. Акрамя падарункаў да святаў ім аказваецца дапамога ў вядзенні падсобных гаспадарак. У раёне паспяхова развіваецца медыцына. Цэнтральная раённая бальніца актыўна ўкараняе малую інвазівную хірургію і эндаскапічныя метады абследавання. Вучні лепельскіх школ пастаянна з'яўляюцца дыпламантамі абласных і рэспубліканскіх тураў прадметных алімпіяд. У 2010 годзе амаль палова выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ, больш за траціну - паступілі ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. На Лепельшчыне актыўна развіваецца аграэкатурызм, прыдарожны сэрвіс. У 2010 годзе створана 366 новых працоўных месцаў. У Лепельскім раёне па дадзеных на 1 студзеня 2011 года колькасць насельніцтва склала 35,3 тыс. чалавек, з якіх 61% - працаздольнага ўзросту. У раёне пражываюць 1362 чалавекі ва ўзросце старэйшыя за 80 гадоў, 92 - старэйшыя за 90 гадоў. У студзені-лютым бягучага года нарадзіліся 63 немаўляці (у студзені-лютым 2010 года - 47 дзяцей), памерлі 106 чалавек.-0-