Лепельскі МКК распрацаваў інавацыйны прадукт для кавамашын

Лепельский МКК разработал инновационный продукт для кофемашин
ААТ «Лепельскі МКК» сумесна з размешчанай у Санкт-Пецярбургу англійскай кампаніяй распрацаваў і асвоіў выпуск хуткарастваральнага сухога малака з цукрам, якое выкарыстоўваецца ў вытворчасці капсул для кавамашын. У мінулым годзе пачаліся паўнавартасныя пастаўкі ў Паўночную Пальміру. А сёння расфасаваны ў пакаванні па 0,5 кг інавацыйны прадукт можна купіць і ў айчынных гандлёвых сетках.

 

Да Паўднёвай Амерыкі і Чукоткі

Створаны ў 1951 годзе «Лепельскі МКК» спецыялізуецца на выпуску сухога малака, доля якога ў агульным аб'ёме вытворчасці займае звыш 70%. Па словах дырэктара прадпрыемства Аляксея Садоўскага, нароўні з прыродна-сыравіннымі рэсурсамі, гэты тавар у свеце лічыцца стратэгічным і даволі перспектыўным. Праўда, як і нафта, ён моцна падвержаны каньюнктуры.

Спектр прымянення прадукту, які мае тэрмін прыдатнасці два гады, дастаткова шырокі. З яго выпрацоўваюць малако, кефір, тварог, смятану, а таксама выкарыстоўваюць для вырабу кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў. Напрыклад, альтэрнатыву сухому малаку складана знайсці жыхарам раёнаў са складанымі кліматычнымі ўмовамі, дзе немагчыма або неэфектыўна займацца жывёлагадоўляй.


Пастаўкі ажыццяўляліся ў расійскі Норыльск, які знаходзіцца за палярным кругам. Туды лепельскі прадукт дастаўляўся спачатку па чыгунцы да Краснаярска, а затым на цеплаходах па Енісеі. У 2016 годзе

100 т сухога малака пастаўлена ў горад золатаздабытчыкаў Бялібіна на Чукотцы, для чаго акрамя цягніка выкарыстоўваліся самалёты і снегаходы. Ведаюць лепельскую прадукцыю і ў Венесуэле, куды раней было экспартавана больш за 15 тыс. т. У мінулым годзе партыя сухога малака адгружана новым спажыўцам у афрыканскую краіну Кот-д'Івуар. У ліку пастаянных пакупнікоў Грузія і Азербайджан. Але асноўны упор робіцца на Расію і Казахстан, дзе найбольш высокія цэны.

Лепельскі МКК таксама экспартуе масла, сухія вяршкі і сыроватку. На працягу сямі гадоў аптавік з Уладзівастока купляе па 200-300 т масла. Неяк ён пачаставаўся мясцовым марозівам, якое яму вельмі спадабалася. У выніку ў дадатак да масла замовіў каля 4 т «Лепелькі», каб землякі з Далёкага Усходу паспрабавалі беларускую якасць. Мабыць, гэта было самае працяглае падарожжа марозіва з нашай краіны.

Беларускі пармезан

Вытворчасцю сыроў цвёрдых сартоў займаецца Талачынскі філіял Лепельскага МКК. Штосутачна выпускаецца 5 т прадукцыі, якая карыстаецца ўстойлівым попытам пры добрай цане. Замежныя пастаўкі ажыццяўляюцца ў асноўным у Расію. У апошні час у серыю запушчаны сыры элітнай групы – Маасдамэр, «Гройцэр», «Грюнталлер», «Пармезан дэЛюкс», якія знайшлі свайго пакупніка. У ліку самых папулярных сыроў застаюцца «Каралеўскі», «Белая Русь», «Расійскі». У мінулым годзе закуплена новае абсталяванне па нарэзцы і фасоўцы сыру. Доля такой прадукцыі ў агульным аб'ёме пакуль займае 13%, але стаіць задача нарасціць яе да 30%.

Мэта на будучыню

У мінулым годзе прадпрыемствам перапрацавана 150 тыс. т малака, з іх 30 тыс. т – давальніцкая сыравіна, што паступіла з Магілёўскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей. Дзякуючы гэтаму сярэднегадавая загрузка магутнасцей (яны разлічаны на перапрацоўку 550 т малака ў суткі) была 72,8%, што на 4,4% вышэй за ўзровень 2015 года. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі склаў 88 млрд недэнамінаваных рублёў, у 2015-м было ў 38 разоў менш. Выручка на аднаго працуючага вырасла больш чым на 17,2%.


Згодна з Указам Прэзідэнта №320 «Аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці Віцебскай вобласці» ААТ «Лепельскі МКК» увайшоў у Віцебскую інтэграцыйную структуру. Да 1 чэрвеня павінна быць завершана праца па канчатковым зліцці. Нагадаем, што чатыры падобныя холдынгі аб'ядноўваюць вытворцаў сыравіны і перапрацоўшчыкаў. Першыя станоўчыя вынікі лепельчане адчулі мінулай зімой, калі да іх былі накіраваны патокі малака ад сельгасарганізацый, што ўваходзяць у ІС.

На прадпрыемстве распрацавана стратэгія далейшага развіцця. У прыватнасці, у планах будаўніцтва новага цэха сушкі, аналагічнага перадавым тэхналогіям Новай Зеландыі і Германіі. Гэта дазволіць выпрацоўваць канкурэнтаздольную інавацыйную прадукцыю, што ў сваю чаргу дасць магчымасць асвойваць новыя рынкі і атрымліваць дабаўленую вартасць пры рэалізацыі прадукцыі.

СЯРГЕЙ ЛЯШУК, фота Дзмітрыя Восіпава, «Віцебскія весці».