Лепельскі малочна-кансервавы камбінат прыступіў да мадэрнізацыі энергетычнай гаспадаркі
15 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Лепельскі малочнакансервавы камбінат" прыступіў да мадэрнізацыі энергетычнай гаспадаркі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Віннік.
Праект па мадэрнізацыі энергетычнай гаспадаркі з пераўтварэннем кацельні ў міні-ЦЭЦ прадпрыемства плануе рэалізаваць да 2015 года. Яго першая чарга, намечаная на 2011-2012 гады, прадугледжвае будаўніцтва новай кацельні з трыма катламі (праект знаходзіцца на экспертызе), замену трансфарматарнай падстанцыі, электракамунікацый. Другі этап прадугледжвае ўстаноўку ў 2013-2014 гадах газатурбіннага агрэгата па выпрацоўцы электраэнергіі і пары. Электрычная магутнасць абсталявання складзе 3,5 МВт, цеплавая - 36 т пары ў гадзіну. На гэтым этапе плануецца вывад з эксплуатацыі дзеючай кацельні з статутнай магутнасцю 50 т пары ў гадзіну.
Рэалізацыя праекта дазволіць камбінату значна павысіць энергаэфектыўнасць работы ўсяго прадпрыемства, забяспечыць уласныя патрэбы ў цяпле і электраэнергіі і зарабіць на пастаўцы лішкаў гораду. Кошт абсталявання складае 4,6 млн. еўра. Акупнасць праекта - сем гадоў.
За студзень-чэрвень бягучага года Лепельскі малочнакансервавы камбінат выпусціў прадукцыі на Br133,8 млрд., або 137% да аналагічнага ўзроўню 2010 года. Рэнтабельнасць продажаў - 14,5%. Экспартавана малочных вырабаў на $24,5 млн. (112%). Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі склала 62,7%. Пастаўкі ажыццяўляліся ў Венесуэлу, Расію, Казахстан, Азербайджан, Манголію. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 14%. Інвестыцыі ў асноўны капітал за першае паўгоддзе склалі Br10,3 млрд.
Прадпрыемства заснавана ў 1951 годзе. Рэфармавана ў ААТ у 1998-м. У склад камбіната ўваходзяць сельскагаспадарчы вытворчы філіял "Заазер'е", Талачынскі масласырзавод, Докшыцкі вытворчы цэх і Бешанковіцкі малакапрыёмны пункт. Спецыялізуецца на выпуску суцэльнамалочнай прадукцыі, сухога абястлушчанага малака, сыроў, марожанага. Асартымент выпускаемых вырабаў налічвае больш за 100 найменняў. Сярэдняспісачная колькасць працаўнікоў разам з сельгасфіліялам - звыш 1,1 тыс. чалавек.-0-