Лепельскі малочна-кансервавы камбінат у 2008 годзе інвеставаў у развіццё вытворчасці 1,3 млн. еўра
23 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Лепельскі малочнакансервавы камбінат" інвеставала ў 2008 годзе 1,3 млн. еўра ў развіццё вытворчасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Леанід Смажэўскі.
Камбінат 1 млн. еўра накіраваў на будаўніцтва кампрэсарнай для ахалоджвання малака. Тут устаноўлена абсталяванне, якое адпавядае ўсім патрабаванням высокатэхналагічнай вытворчасці. 300 тыс. еўра асвоена на мадэрнізацыю сушылкі: праведзена замена асобных вузлоў, уведзена ў дзеянне дадатковае абсталяванне, у тым ліку сучасная ўстаноўка фасоўкі сухога малака.
Значны аб'ём інвестыцый плануецца асвоіць і ў бягучым годзе. У прыватнасці, трэба будзе пабудаваць малочна-таварную ферму на 1 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, рэканструяваць кацельню, пашырыць вытворчасць марожанага.
Плановае развіццё вытворчасці і тэхнічнае пераўзбраенне дазваляюць камбінату выпускаць якасную прадукцыю, шэраг якой пастаянна пашыраецца, а таксама ўпэўнена выходзіць на новыя рынкі збыту і ўмацоўваць свае пазіцыі на ўжо асвоеных, адзначыў Леанід Смажэўскі. Так, заключаны кантракты на пастаўку ў Венесуэлу 2 тыс. т сухога малака, у Іран - 3 тыс. т. Прапрацоўваецца кантракт з Іранам. У гэту краіну прадпрыемства плануе на працягу трох гадоў адгрузіць 10 тыс. т сухога малака.
За 2008 год камбінат перапрацаваў 152 тыс. т сыравіны, што на 16,1% больш у параўнанні з узроўнем папярэдняга года. Выпушчана прадукцыі на Br129 млрд., або 120,4% да 2007 года. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 9,5%. Экспарт склаў $33 млн. (110,2%). Удзельная вага экспарту за мінулы год дасягнула 59%. Асноўная доля паставак прыпала на краіны СНД - 93,6%, астатняе - на краіны далёкага замежжа, у ліку якіх Польшча, Францыя, Ірак, Іран, Сірыя.
Прадпрыемства заснавана ў 1951 годзе, рэфармавана ў ААТ у 1998-м. Доля дзяржавы ва ўстаўным фондзе складае 97,2%. У 2005 годзе да камбіната быў далучаны сельскагаспадарчы вытворчы філіял "Заазер'е", а ў снежні 2007 года ў яго склад увайшоў Талачынскі масласырзавод. Камбінат спецыялізуецца на выпуску суцэльнамалочнай прадукцыі, сухога абястлушчанага малака, марожанага. Асартымент выпускаемых вырабаў налічвае больш за 100 найменняў. Агульная колькасць працуючых - 880 чалавек.-0-