Лепельскі малочна-кансервавы камбінат у 2010 годзе паставіць буйную партыю сухога малака ў В'етнам
9 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Лепельскі малочнакансервавы камбінат" плануе паставіць у 2010 годзе буйную партыю сухога малака ў В'етнам, паведаміў карэспандэнту намеснік дырэктара прадпрыемства Аляксей Садоўскі.
Кантракт на пастаўку 2 тыс.т сухога малака падпісаны з карпарацыяй "Хапако", яго кошт складае больш за $6 млн.
Аляксей Садоўскі таксама адзначыў, што ў наступным годзе прадпрыемства плануе павялічыць у тры разы пастаўкі сухога суцэльнага малака ў Венесуэлу, на рынак якой удалося выйсці ў гэтым годзе. Усяго ў гэту краіну было пастаўлена 1,5 тыс.т лепельскай прадукцыі. Больш актыўна ў 2010 годзе камбінату трэба будзе папрацаваць з Казахстанам і Малдовай. Разглядаюцца магчымасці паставак у Іран і Ірак.
У цэлым дыверсіфікацыя экспарту, больш актыўная і шырокая праца з кампаніямі краін далёкага замежжа дазволіла камбінату аслабіць залежнасць ад нестабільнага расійскага рынку, дадаў намеснік дырэктара.
Лепельскі малочнакансервавы камбінат з'яўляецца экспартаарыентаваным прадпрыемствам. Доля паставак на знешні рынак у агульным аб'ёме рэалізацыі - каля 60%. Экспарт ажыццяўляецца як у краіны СНД, лідзіруючае месца сярод якіх займае Расія, так і ў далёкае замежжа. У студзені-лістападзе экспартавана прадукцыі больш чым на $18 млн. Аб'ём вытворчасці за гэты перыяд з улікам рэарганізацыі камбіната склаў 102,4% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 12,7%.
Прадпрыемства заснавана ў 1951 годзе, рэфармавана ў ААТ у 1998-м. Доля дзяржавы ва статутным фондзе складае 97,2%. У цяперашні час у склад камбіната ўваходзяць сельскагаспадарчы вытворчы філіял "Заазер'е", Талачынскі масласырзавод, Докшыцкі і Бешанковіцкі малочныя заводы. Спецыялізуецца на выпуску суцэльнамалочнай прадукцыі, сухога абястлушчанага малака, сыроў, марожанага. Асартымент выпускаемых вырабаў налічвае больш за 100 найменняў. Агульная колькасць працаўнікоў з улікам філіялаў - звыш 1 тыс. чалавек.-0-