Лепельскі малочна-кансервавы камбінат у 2010 годзе ўтрая павялічыць экспарт сухога малака ў Венесуэлу
1 красавіка, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. ААТ "Лепельскі малочнакансервавы камбінат" сёлета паставіць у Венесуэлу 4,5 тыс.т сухога малака - у 3 разы больш, чым летась, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Аляксей Садоўскі.
Першая партыя прадукцыі ў аб'ёме 500 т будзе адгружана пасля 20 красавіка праз порт Клайпеды, у далейшым пастаўкі складуць па 500-600 т штомесяц. Лепельскі малочнакансервавы камбінат з'яўляецца другім буйным пастаўшчыком сухога малака ў Венесуэлу пасля Ваўкавыскага ААТ "Белакт", які ў 2009 годзе накіраваў у гэту краіну 5,5 тыс.т сухога малака і такі ж аб'ём плануе адгрузіць сёлета.
"Кошты на сухое малако, якія складаюцца сёння на знешнім рынку, выгадныя для беларускіх вытворцаў, і за кошт паставак у Венесуэлу мы маем намер атрымаць салідны прыбытак", - адзначыў Аляксей Садоўскі.
Раней асноўны аб'ём экспарту сухога малака прадпрыемства прыходзіўся на Расійскую Федэрацыю. З улікам скарэкціраванага балансу паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Расію ў 2010 годзе прадпрыемства асвойвае новыя рынкі збыту гэтай таварнай групы. Сухое малако пастаўляецца ў Манголію, Малдову, Казахстан, Арменію, Грузію, Туркменістан. У 2009 годзе пастаўкі ажыццяўляліся ў Сірыю, Іран, Ірак, Сінгапур, Судан, В'етнам. Экспарт складае 60% агульнага аб'ёму выпускаемай прадукцыі. Доля экспартных паставак у краіны СНД у 2009 годзе складала больш за 80%.
"Сёння магутнасці па вытворчасці сухога малака цалкам загружаны", - адзначыў Аляксей Садоўскі. Сёлета камбінат прыступіў да мадэрнізацыі кацельні па пераўтварэнні яе ў міні-ЦЭЦ. Асноўная мэта мадэрнізацыі - забяспечыць прадпрыемства ўласным цяплом і электраэнергіяй, замяніць дзеючае абсталяванне на больш сучаснае энергазберагальнае. Работы па рэканструкцыі кацельні разлічаны на 2010-2011 гады. Мяркуецца асвоіць каля Br20 млрд. інвестыцый. Пасля завяршэння гэтага этапу рэканструкцыі прадпрыемства плануе будаўніцтва сучаснага цэха па вытворчасці сухіх малочных прадуктаў. У цэлым да 2015 года ў тэхпераўзбраенне прадпрыемства плануецца ўкласці каля Br60 млрд.
У 2009 годзе ўведзена ў эксплуатацыю новая кампрэсарная, якая дазволіла зняць наяўныя праблемы па забеспячэнні вытворчасці тэхналагічным холадам. Кошт абсталявання склаў каля Br5 млрд.
Прадпрыемства ўведзена ў эксплуатацыю ў 1951 годзе, рэфармавана ў ААТ у 1998-м. Доля дзяржавы ва ўстаўным фондзе складае 98%. У склад камбіната ўваходзяць сельскагаспадарчы вытворчы філіял "Заазер'е", Талачынскі філіял, Докшыцкі вытворчы цэх і Бешанковіцкі малочны пункт прыёму. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску сухога цэльнага і абястлушчанага малака, малочнай прадукцыі, сыроў, марожанага, сметанковага масла, заменнікаў суцэльнага малака. Асартымент выпускаемых вырабаў налічвае больш за 100 найменняў. Агульная колькасць працаўнікоў - 1,2 тыс. чалавек.-0-