Лепельскі малочна-кансервавы камбінат у I паўгоддзі накіраваў у асноўны капітал Br10,3 млрд.
9 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Лепельскі малочнакансервавы камбінат" інвеставала ў асноўны капітал за студзень-чэрвень бягучага года Br10,3 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Аляксандр Міхайлоўскі.
Сродкі былі накіраваны на мадэрнізацыю кансервавальнага цэха - для выпуску сухога абястлушчанага малака ўстаноўлена сушыльнае абсталяванне славацкай вытворчасці коштам 725 тыс. еўра. Аўтаматызаваная лінія дазволіла зрабіць працэс выпуску дадзенай прадукцыі цалкам закрытым, што значна павысіла яе якасць.
Падрыхтоўка да рэканструкцыі пачалася ў цэху суцэльнамалочнай прадукцыі. У чацвёртым квартале тут плануецца ўсталяваць і запусціць новае малакаразліўное абсталяванне, а таксама аўтаматы для фасоўкі тварагу і салодкай тварожнай масы.
Значную ўвагу камбінат надае развіццю ўласнай сыравіннай базы. З гэтай мэтай на сельскагаспадарчым вытворчым філіяле прадпрыемства "Заазер'е" праводзіцца рэканструкцыя і тэхпераўзбраенне малочнатаварнай фермы, будуецца новы будынак, у якім будуць вырошчваць нецеляў. Праект плануецца рэалізаваць у гэтым годзе.
За першае паўгоддзе гэтага года Лепельскі малочнакансервавы камбінат выпусціў прадукцыі на Br133,8 млрд., або 137% да аналагічнага ўзроўню 2010 года. Рэнтабельнасць продажаў - 14,5%. Экспартавана малочных вырабаў на $24,5 млн., або 112%. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі склала 62,7%. Пастаўкі ажыццяўляліся ў Венесуэлу, Расію, Казахстан, Азербайджан, Манголію. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 14%.
Прадпрыемства заснавана ў 1951 годзе. Рэфармавана ў ААТ у 1998-м. У склад камбіната ўваходзяць сельскагаспадарчы вытворчы філіял "Заазер'е", талачынскі масласырзавод, докшыцкі вытворчы цэх і бяшанковіцкі малакапрыёмны пункт. Спецыялізуецца на выпуску суцэльнамалочнай прадукцыі, сухога абястлушчанага малака, сыроў, марозіва. Асартымент выпускаемых вырабаў налічвае больш за 100 найменняў. Сярэднеспісачная колькасць працаўнікоў разам з сельгасфіліялам - звыш 1,1 тыс. чалавек.-0-