Лясныя гаспадаркі Віцебскай вобласці ўкараняюць перадавы вопыт Фінляндыі
На мерапрыемстве ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў галіны. Сярод іх быў і ляснічы Казянскага лясніцтва Шумілінскага лесгаса Уладзімір Мазейка (на фота), добрасумленная праца якога адзначана нагрудным знакам «Ганаровы лесавод». Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума Уладзімір Міхайлавіч працуе на адным месцы з 1982 года. Праўда, была магчымасць заняцца навуковай дзейнасцю і з'ехаць у Пензенскі філіял Маскоўскага НДІ лясной гаспадаркі, куды запрашалі пасля праходжання вытворчай практыкі. Але да таго часу ў маладога спецыяліста ўжо была сям'я. Уладзімір Мазейка разам з жонкай Верай выгадаваў дзвюх дачок Настассю і Вікторыю, якія знайшлі сябе ў медыцыне. Магчыма, па слядах дзядулі пойдзе ўнучка Яна: чатырохгадовай дзяўчынцы падабаецца бываць у лесе і дэндрапарку, створаным пры лясніцтве.
Ураджэнец Брэстчыны свядома выбіраў прафесію, бо з дзяцінства любіў прыроду, займаўся садаводствам. Уладзімір Мазейка лічыць, што лес адчувае стаўленне да сябе і шчодра дзякуе за добрасумленнасць.
Цяперашні год для работнікаў лясной гаспадаркі Прыдзвіння з'яўляецца перыядам напружанай і стабільнай працы, адзначыў генеральны дырэктар Віцебскага ДВА «Лясгас» Сяргей Даніловіч. Напрыклад, нарыхтоўка драўніны складае 107,6% да плана, а яе вывазка – 112%, вытворчасць піламатэрыялаў – 123%.
У параўнанні з аналагічным перыядам 2015-га павялічылася выручка ад рэалізацыі прадукцыі на экспарт і на дадзены момант налічвае амаль 15 млн долараў. Акрамя таго, Віцебскае ДВА «Лясгас» выйшла ў лідары па адгрузцы балансавай драўніны і тэхсыравіны. Яе сярэднямесячны аб'ём перавышае 40 тыс. куб. м, а з пачатку года адгружана больш за 300 тыс. куб. м.
Адной з найважнейшых задач у узнаўленні
лесаў з'яўляецца ўкараненне перадавога досведу Фінляндыі. У мінулым годзе лясгасамі было выгадавалі звыш 400 тыс. шт. стандартнага пасадачнага матэрыялу елкі еўрапейскай з закрытай каранёвай сістэмай (ЗКС), які ўжо сёлета вясной выкарыстоўвалі для пасадкі больш за 250 га новых лясоў. Удзельная вага стварэння лясных культур з ЗКС склала 6,3% пры плане 4%. Зараз на палях дарошчвання знаходзіцца каля 1,3 млн шт. такога пасадачнага матэрыялу. У 2016-м у дзве ратацыі высеяна амаль удвая больш. Такім чынам, плануецца, што ў наступным годзе доля культур з ЗКС дасягне 15%, а ў перспектыве даведзеных Мінлясгасам — 30%. Да слова, нямалае роля ў гэтым адводзіцца сучаснаму цэнтру па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з ЗКС на базе Глыбоцкага доследнага лясгаса.У маі 2016 года ў Пастаўскім лясгасе завершылася мадэрнізацыя лесапільнай вытворчасці. Усталяванае высокатэхналагічнае абсталяванне дазволіць выпускаць да 13 тыс. куб м піламатэрыялаў у год. У планах аб'яднання — устаноўка лініі сартавання драўніны ў Верхнядзвінскім, Лепельскім і Расонскім, а таксама будаўніцтва пелетнай вытворчасці ў Аршанскім і Пастаўскім лясгасах. Варта адзначыць паспяховую працу Аршанскага, які ўжо не першы год з'яўляецца лідэрам у рэспубліцы.
Таксама візітнай карткай Віцебшчыны па праве можа лічыцца дзеючая ў Бегамльскім лясгасе вытворчасць з поўным цыклам перапрацоўкі драўніны. Зладжана і стабільна працуюць калектывы Лепельскага, Расонскага і Глыбоцкага доследнага лясгаса. Дарэчы, менавіта ў апошнім працуе вальшчык лесу Аляксандр Смехоўскі, які стаў сёлета абсалютным чэмпіёнам Беларусі на рэспубліканскім спаборніцтве «Лесаруб-2016» і разам з калегамі прывёў зборную каманду Віцебскага ДВАЛХА да перамогі.
Сяргей Ляшук. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. «Віцебскія весці».